З 1 кастрычніка 2026 году ў межах рэалізацыі пілётнага праекту ўкараненьня службы «Крок» на станцыі Менск-Пасажырскі ў залі павышанай камфортнасьці «Клюб СВ» стала даступнай аплата паслуг з выкарыстаньнем QR-кодаў, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.
Таксама з выкарыстаньнем QR-коду «Крок» ужо даступная аплата паслуг пражываньня ў пакоях адпачынку на станцыях Баранавічы-Палескія, Берасьце-Цэнтральнае, Віцебск, Горадня, Магілёў і Пінск.
Акрамя таго, падарожнікі, якія пражываюць у такіх пакоях, могуць аплаціць праз сэрвіс «Крок» чайную прадукцыю, парфумэрна-гігіенічныя наборы, іншыя паслугі пакояў адпачынку.
Дадаткова з укараненьнем службы «Крок» пашырыўся пералік даступных прыладаў для аплаты паслуг пакояў адпачынку. Акрамя банкаўскіх картак зараз гэта можна зрабіць смартфонамі, разумнымі гадзіньнікамі і фітнэс-бранзалетамі з падтрымкай NFC.
Укараненьне новага спосабу аплаты, на думку кіраўніцтва БЧ, падвышае якасьць абслугоўваньня пасажыраў і дае ім магчымасьць выкананьня аплаты зручным спосабам.
Таксама на Беларускай чыгунцы заявілі, што працягваюць пасьлядоўную работу ў пашырэньні магчымасьці аплаты паслуг праз QR-коды.
Сыстэма плацяжоў «Крок»
Сыстэму плацяжоў «Крок» у Беларусі пачалі распрацоўваць яшчэ ў 2024–2025 гадах як альтэрнатыву міжнародным платным сыстэмам. Базай стала сыстэма імгненных плацяжоў, якую Нацыянальны банк запусьціў яшчэ ў 2019 годзе для юрыдычных асобаў.
Ад 1 ліпеня навінка пачала працаваць у абмежаваным выглядзе, да яе далучыліся 5 банкаў: «Беларусбанк», «Альфа-Банк», «Банк Дабрабыт», «Белаграпрамбанк», «Прыёрбанк». Задумана, што праз гэты сэрвіс можна плаціць паводле QR-коду, наўпрост з рахунку на рахунак, абмінаючы міжнародныя карткавыя платныя сыстэмы, такія як Visa, Mastercard ці расейскі «Мир».
Плянуецца, што ад сьнежня «Крок» стане дасяжны для кліентаў усіх банкаў. Згодна з інфармацыяй стваральнікаў, сэрвіс мае ліміты — да 50 апэрацыяў на дзень з максымальнай сумай аднаго плацяжу да 72 тысяч рублёў.
Гэтая сыстэма — цалкам дзяржаўная распрацоўка, за ёй стаіць Нацыянальны банк, галоўны банкаўскі рэгулятар краіны.
Ня ўсе навінкі прыжываюцца
У наземным грамадзкім транспарце 1 траўня сёлета пачалі выпрабоўваць сыстэму кнопак на дзьвярох. Лічылася, што кнопкі дазволяць зьмяніць падыход — дзьверы будуць адчыняцца толькі пры патрэбе, калі на кнопку націсьне чалавек, які хоча зайсьці ў салён або выйсьці з транспарту.
Тэхналёгія не была новай: у многіх краінах Эўропы транспарт шмат гадоў абсталяваны падобнымі кнопкамі. Але ў Беларусі пра гэтую тэхналёгію сталі гаварыць толькі сёлета. Дзьверы, якія працуюць не ў аўтаматычным рэжыме, а з дапамогай кнопак, дапамагаюць захоўваць рэгуляваны кліматызацыяй тэмпэратурны рэжым унутры, калі не адчыняюцца на прыпынках, на якіх ніхто не выходзіць і не ўваходзіць.
3 жніўня «Менсктранс» паведаміў, што прыпыніў іх працу. Паводле прадпрыемства, меркаваньні пасажыраў падзяліліся амаль пароўну, але крыху больш людзей яшчэ нібыта не былі гатовыя да такой сыстэмы. Плянавалася пазьней вярнуцца да тэставаньня пасьля дадатковага інфармаваньня пасажыраў. Але калі гэта адбудзецца, пакуль няясна.
Форум