Урад Беларусі звольніў Пётру Стоцкага з пасады намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка», які адказваў за арганізацыю на гэтым прадпрыемстве ідэалягічнай і кадравай работы, а таксама за эксплюатацыю і разьвіцьцё гаспадаркі цывільных збудаваньняў.
Як адзначаецца ў пастанове Савету міністраў Беларусі ад 28 верасьня, яго звольнілі ў сувязі з заканчэньнем тэрміну дзеяньня кантракту — згодна з п. 2 ч. 2 артыкулу 35 Працоўнага кодэксу.
На Беларускай чыгунцы Пётра Стоцкі таксама займаўся рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі ў сфэры кіраваньня і распараджэньня дзяржаўнай маёмасьцю, сацыяльнымі пытаньнямі, фармаваў рэзэрвы кіроўных кадраў і каардынаваў работу дзеля ўмацаваньня працоўнай дысцыпліны.
Замест Стоцкага на пасаду прызначылі Аляксандра Хомчанку, які дагэтуль кіраваў Віцебскім аддзяленьнем Беларускай чыгункі.
Што вядома пра Стоцкага
Пётра Стоцкі працаваў на пасадзе намесьніка начальніка Беларускай чыгункі з 2010 году.
Сёлета яму споўнілася 63 гады. Згодна з законам «Аб дзяржаўнай службе», у гэтым узросьце дзяржаўныя службоўцы павінны выходзіць на пэнсію. У той жа час дасягненьне гэтага ўзросту не азначае аўтаматычнага звальненьня. Калі кіраўніцтва зацікаўлена ў досьведзе канкрэтнай асобы, зь ёю працягваюць кантракт адмысловым рашэньнем.
Праваабаронцы лічаць Пётру Стоцкага адказным за палітыку дыскрымінацыі супрацоўнікаў Беларускай чыгункі, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. На яго ўскладаюць адказнасьць за звальненьне ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Пры ім Беларуская чыгунка зьвярталася ў рэкрутынгавую кампанію падбору працоўных зь Нэпалу і Пакістану.
Чаму гэта важна
Беларуская чыгунка — дзяржаўны апэратар чыгуначнай сеткі Беларусі, адзін з найважнейшых транспартных комплексаў краіны. Займаецца грузавымі, пасажырскімі і вайсковымі перавозкамі.
Сёлета ў чэрвені Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў апублікавала дакумэнты, зь якіх вынікала, што ў сыстэму кіраваньня чыгуначнымі перавозкамі ўводзяць вайскоўцаў. Аснову групы складаюць прадстаўнікі ўпраўленьня вайсковых зносінаў Міністэрства абароны Беларусі, якое адказвае за плянаваньне, арганізацыю і забесьпячэньне вайсковых перавозак усімі відамі транспарту — чыгуначным, аўтамабільным, паветраным і водным.
Дадаткова ў групу ўключылі прадстаўнікоў падразьдзелаў сувязі, абароны сакрэтнай інфармацыі й іншых структураў, якія займаюцца забесьпячэньнем Узброеных сілаў Беларусі. Агульная імаверная іх колькасьць 20–30 чалавек. Групу пачалі ствараць перад супольнымі беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2025».
Увядзеньне вайскоўцаў у сыстэму кіраваньня чыгуначных перавозак — клясычная прыкмета мабілізацыі лягістыкі.
Гэта сьведчыць, што інфраструктуру пераводзяць на запэўненьне патрэбаў абароны і бясьпекі.
Прыярытэтамі пры такой арганізацыі становяцца перавозка вайсковых грузаў, ахова і абарона інфраструктуры, узмацненьне кантролю за стратэгічнымі вузламі, мастамі і станцыямі для перадухіленьня дывэрсіяў і сабатажу, а таксама выкарыстаньне спэцыяльных пратаколаў руху, абароненай сувязі і сакрэтных графікаў перавозак.
Форум