Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнік польскай выведкі расказаў, ці правяралі NEXTA ў 2020 годзе

Сьцяпан Пуціла ў Варшаве. 2021 год
Сьцяпан Пуціла ў Варшаве. 2021 год

Былы кіраўнік Агенцтва выведкі Польшчы Пётар Краўчык заявіў, што польская замежная выведка не займалася дзейнасьцю Сьцяпана Пуцілы і праекту NEXTA ў 2020 годзе, бо яны знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы і належалі да кампэтэнцыі іншых спэцслужбаў.

Кіраўнік Агенцтва выведкі Польшчы ў 2016-2022 гадах Пётар Краўчык раней дапускаў магчымасьць уплыву расейскіх спэцслужбаў на Сьцяпана Пуцілу ў 2020 годзе, калі мэдыя-праект NEXTA адыгрываў прыкметную ролю ў асьвятленьні пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Журналіст Дзьмітры Гурневіч спытаў, ці маглі польскія службы не правяраць чалавека з такім уплывам і аўдыторыяй, тым больш, што офіс NEXTA знаходзіўся ў Варшаве, насупраць польскага Сэйму. Менавіта Краўчык тады узначальваў Агенцтва выведкі.

Былы кіраўнік полькай спэцслужбы заявіў, што дзейнасьць Сьцяпана Пуцілы і мэдыяпраекту NEXTA ў 2020 годзе не ўваходзіла ў кампэтэнцыю польскай замежнай выведкі.

«Калі ён знаходзіўся ў Польшчы, то гэтым займалася ня польская выведка, а ўнутраныя службы», — адказаў Краўчык.

Ён патлумачыў, што Агенцтва выведкі, якім ён кіраваў, не займалася тэрыторыяй Польшчы.

«У Польшчы ёсьць службы, якія выконваюць свой заканадаўча вызначаны мандат. Ёсьць службы, якія займаюцца тэрыторыяй Польскай Рэспублікі. Спадар Пуціла тады знаходзіўся на тэрыторыі Польскай Рэспублікі. Мы тэрыторыяй Польскай Рэспублікі не займаемся. Я кажу пра Агенцтва выведкі», — сказаў былы кіраўнік польскай выведкі.

Такім чынам, Краўчык не пацьвердзіў, што польская выведка правярала Пуцілу або ягоныя кантакты з расейскімі спэцслужбамі. Ён толькі ўдакладніў, што гэта магло адносіцца да кампэтэнцыі іншых польскіх спэцслужбаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG