Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ўсе беларусы знаходзяцца ў турме». Экс-кіраўнік польскай выведкі прапануе адкрыць Гданьск для беларускага калію

Пётар Краўчык
Пётар Краўчык

Былы кіраўнік Агенцтва выведкі Польшчы Пётар Краўчык выступіў за тое, каб Беларусь атрымала магчымасьць экспартаваць калійныя ўгнаеньні праз польскія парты.

У вялікім інтэрвію Свабода спытала ў Краўчыка, ці падтрымаў бы ён адкрыцьцё порту ў Гданьску для транзыту беларускіх калійных угнаеньняў.

«У цяперашняй сытуацыі — так», — адказаў былы кіраўнік польскай выведкі.

На думку Краўчыка, цяперашняя залежнасьць беларускага экспарту ад Расеі робіць Беларусь больш уразьлівай на ціск Масквы. Магчымасьць прадаваць беларускую прадукцыю праз заходнія краіны, паводле яго, магла б даць Менску большую свабоду манэўру ў адносінах з Расеяй.

Краўчык дапусьціў, што ў выпадку зьняцьця санкцыяў беларускія калійныя ўгнаеньні маглі б экспартавацца праз Гданьск, Гдыню і Шчэцін.

«Наступны элемэнт — гэта, вядома, калі будуць зьнятыя санкцыі на калійныя ўгнаеньні, магчымасьць экспарту калійных угнаеньняў праз польскія парты. У Гдыні, Гданьску, Шчэціне», — сказаў ён.

У сакавіку 2026 году ЗША зьнялі санкцыі зь «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі. У траўні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зьвярнуўся да Літвы, Польшчы і Ўкраіны з просьбай зьняць абмежаваньні на транзыт беларускага калію празь іхную тэрыторыю. 21 верасьня Дональд Трамп заявіў, што ЗША працуюць над «маштабнай угодай» аб закупе беларускіх калійных угнаеньняў. Незадоўга да гэтага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня мае дастатковых свабодных аб’ёмаў для буйных паставак у ЗША. Свабода адзначала, што магчымасьць такіх паставак залежыць таксама ад транзытных маршрутаў, бо санкцыі Эўразьвязу супраць беларускага калію застаюцца ў сіле.

Былы кіраўнік польскай выведкі зьвязвае магчымасьць такога экспарту з узмацненьнем эканамічнай самастойнасьці Беларусі. Паводле яго, дадатковыя даходы ад экспарту калію маглі б умацаваць пазыцыі Беларусі ў адносінах з Масквой.

«Час, калі Беларусь мела найбольш адкрытыя эканамічныя адносіны з Захадам — ад 2014 да 2020 году, — гэта быў, я б сказаў, пэрыяд найбольшых свабодаў. Вядома, адносна найбольшых грамадзкіх, палітычных і культурных свабодаў у Беларусі. Такім чынам, мы бачым значную сынэргію паміж гэтым гандлем і эканамічнымі адносінамі з Захадам, з аднаго боку, і пэўнымі грамадзянскімі свабодамі ў Беларусі — з другога». — сказаў Краўчык.

Пры гэтым Краўчык выступае не за рэзкую зьмену палітыкі Захаду адносна Менску, а за паступовы дыялёг. Ён падкрэсьліў, што пры гэтым трэба памятаць пра палітычных зьняволеных, якія застаюцца ў беларускіх турмах.

«Але ж ня ўсе беларусы знаходзяцца ў турме. То бок мы таксама павінны думаць і пра тых беларусаў, якія знаходзяцца па-за турмамі. Мы павінны думаць і пра тых беларусаў, якія займаюцца бізнэсам, якія будуюць кампаніі, якія вырабляюць, прадаюць, проста жывуць», — зазначае былы кіраўнік польскай выведкі.

Цалкам інтэрвію зь Пятром Краўчыкам глядзіце на Ютуб-канале Радыё Свабода ў суботу, 3 кастрычніка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG