Як вынікае з інфармацыі парталу kartoteka.by, працэс ліквідацыі пачалі сёлета 18 чэрвеня. Санкцыі супраць «Армары Альянс» і яе кіраўніка, грамадзяніна Беларусі Мухамадалі Талібава, увялі 8 траўня, а 10 чэрвеня ўзмацнілі.
ТАА «Армары Альянс» зарэгістраванае ў Менску 22 кастрычніка 2021 году. У статуце адзначаецца, што асноўны від дзейнасьці кампаніі — «гуртавы гандаль іншымі машынамі і абсталяваньнем».
ЗША ўвялі санкцыі пасьля атрыманьня вынікаў расьсьледаваньня Офісу кантролю замежных актываў (OFAC) аб тым, што фірма выкарыстоўвалася як «пракладка» для закупаў у абыход санкцыяў для іранскага Цэнтру інавацыяў і тэхналягічнай супрацы. «Армары Альянс» прыхоўвала канцавога атрымальніка тавараў, сярод якіх былі кампанэнты для іранскіх праграмаў стварэньня балістычных ракет, дронаў Shahed і звычайных узбраеньняў.
Санкцыі супраць беларускай кампаніі пашырылі пасьля высьвятленьня таго, што яна была часткаю схемы закупу Іранам кітайскіх зэнітна-ракетных комплексаў.
Што папярэднічала
Вайсковая і вайскова-тэхнічная супраца Беларусі і Ірану апошнімі гадамі перайшла на ўзровень стратэгічнага партнэрства. Абедзьве дзяржавы знаходзяцца пад жорсткімі міжнароднымі санкцыямі, што штурхае іх да шчыльнейшай супрацы.
І Менск, і Тэгеран падтрымліваюць вайсковыя захады Расеі і пашыраюць двухбаковую, у тым ліку вайскова-тэхнічную, супрацу. Сёлета ў чэрвені Эўрапейская рада назвала Іран і Беларусь сярод краінаў, якія працягваюць аказваць Расеі вайсковую падтрымку.
З 2023 году вайсковыя дэлегацыі краін робяць частыя ўзаемныя візыты:
- У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мухамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
- У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
- У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мухамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
- У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.
- У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
- У жніўні 2024 году вайскавод ВПС Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрахімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.
- У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
- У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.
Чаму гэта важна
У 2025 годзе Беларусь і ЗША пачалі перамоўны працэс, што тычыцца вызваленьня палітвязьняў і скасаваньня санкцыяў. Гэтыя перамовы вядзе Джон Коўл. Ад 10 лістапада 2025 году ён займае пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Менск 21 чэрвеня таго ж году.
З улікам апошняга сёлетняга вызваленьня 16 верасьня грамадзкасьці вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні. У абмен на вызваленьне вязьняў ЗША скасавалі пэўныя санкцыі, у тым ліку супраць беларускіх вытворцаў калійных угнаеньняў, банкаў, а таксама з канцэрну «Белляспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».
Форум