Паводле слоў трох ізраільскіх афіцыйных асобаў, другі пілёт рэйсу з Дубая ў Тэль-Авіў, як мяркуецца, нанёс нажавое раненьне камандзіру экіпажу, піша агенцтва Reuters. Улады Ізраілю мяркуюць, што ў самалёце адбылася спроба тэракту, але канчаткова гэтую гіпотэзу пацьвердзіць або зьняпраўдзіць сьледзтва, якое ідзе пры ўдзеле спэцслужбаў.
Здарэньне вымусіла самалёт зьмяніць курс і прызямліцца ў Саудаўскай Арабіі, дзе пасадка прайшла пасьпяхова. Расьсьледаваньню можа замінаць факт, што паміж Саудаўскай Арбіяй і Ізраілем няма дыпляматычных адносінаў.
Афіцыйныя асобы Ізраілю паведамілі, што сябры экіпажу ўвайшлі ў кабіну і ўзялі пад кантроль самалёт авіякампаніі Flydubai рэйсу FZ1073, які ляцеў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Ізраіль і зьмяніў курс на Саудаўскую Аравію. Да трагедыі ледзь не дайшло тады, калі самалёт быў у паветранай прасторы Ярданіі. Адзін з чыноўнікаў заявіў, што асобу нападніка высьветлілі — ён грамадзянін Аману.
Раней улады краіны пацьвердзілі агенцтву Reuters, што самалёт падаў сыгналы трывогі пасьля таго, як паміж пілётамі адбылася сутычка.
Паводле даных сайту адсочваньня палётаў Flightradar24, перад адпраўкай першага сыгналу трывогі самалёт раптоўна і імкліва зьнізіўся амаль на 4200 мэтраў менш чым за 30 сэкундаў. Гэта магло справакаваць панку на борце.
Ізраільскія афіцыйныя асобы, якія на ўмовах ананімнасьці праінфармавалі журналістаў, заявілі, што, паводле цяперашняй ацэнкі Ізраілю, здарэньне было спробаю «тэрарыстычнага акту» і не было зьвязанае з праблемамі псыхічнага здароўя кагосьці зь пілётаў.
Улады Аману і прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу пакуль не камэнтуюць тое, што адбылося. Але вядома, што кіраўнік ізраільскага ўраду і шэраг іншых высокіх асобаў дзяржавы прыпынілі свае замежныя візыты або сустрэчы ў сваёй краіне, каб заняцца высьвятленьнем абставінаў здарэньня і зьвязанымі зь ім загадамі.
Абодва пілёты ў шпіталі
На відэа, якое, як сьцьвярджаецца, зьняў ізраільскі пасажыр на борце рэйсу, і якое шырока распаўсюджваецца ў ізраільскіх СМІ, пасажыр кажа, што адзін з пілётаў моцна паранены, а другі мае лёгкае раненьне.
Аэрапорт Табук у Саудаўскай Арабіі, дзе прызямліўся самалёт, паведаміў, што абодва пілёты шпіталізаваныя пасьля атрыманьня траўмаў. Ні аэрапорт, ні згаданы пасажыр не назвалі імя нападніка.
Паводле зьвестак Flightradar24, экіпаж перадаў агульны сыгнал трывогі, а затым яшчэ адзін, які паказваў на магчымае незаконнае ўмяшаньне ў кіраваньне палётам.
Колькі было пасажыраў
На борце самалёта Boeing 737, паводле інфармацыі ізраільскіх СМІ, было каля 150 грамадзян Ізраілю. Цяпер усе яны на лётнішчы Табук на паўночным захадзе Саудаўскай Арабіі і чакаюць разьвіцьця падзей.
Пакуль ня высьветлена, хто менавіта перадаваў на зямлю сыгналы трывогі.
Паводле паведамленьняў у сацыяльных сетках, уся прастора ў кабіне і каля яе была залітая крывёй. Расьсьледаваньне працягваецца.
Форум