Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выходзяць з эўрапейскай антыкарупцыйнай арганізацыі. Раней дачыненьні з GRECO спыніла Беларусь

Сьцяг ЗША. Ілюстрацыйнае фота
Сьцяг ЗША. Ілюстрацыйнае фота

Рада Эўропы атрымала паведамленьне адміністрацыі ЗША аб выхадзе краіны з Групы дзяржаў супарць карупцыі (GRECO), якая зьяўляецца вядучай эўрапейскай антыкарупцыйнай арганізацыяй.

Як паведаміла агенцтва AP, у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША пацьвердзілі гэты крок і патлумачылі, што ўдзел у GRECO, які прадугледжвае штогадовы фінансавы ўнёсак, «не прыносіць адчувальнай карысьці для нацыянальнай бясьпекі ЗША»

«Эпоха выпісваньня „блянкавых чэкаў“ міжнародным бюракратычным структурам закончыўся. Цяпер дэпартамэнт надае прыярытэт найбольш эфэктыўным інструмэнтам барацьбы з карупцыяй, такім як візавыя абмежаваньні, санкцыі і мэтавая вонкавая дапамога для ўзмацненьня замежных крымінальных расьсьледаваньняў карупцыі, што непасрэдная пагражае бясьпецы ЗША», — адзначаецца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША.

У Радзе Эўропы заявілі, што ЗША былі «каштоўным удзельнікам» GRECO, у прыватнасьці, у абмене досьведам і перадавымі практыкамі ў сфэры папярэджаньня карупцыі і барацьбы зь ёй. Адзначалася, што GRECO застаецца адкрытай да аднаўленьня супрацы з ЗША.

Раней з арганізацыі выйшлі Беларусь і Расея.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

GRECO — міжнародная арганізацыя, створаная Радай Эўропы ў 1999 годзе з мэтай дапамогі краінам-удзельніцам ва ўдасканаленьні мэханізмаў барацьбы з карупцыяй. На гэты момант у GRECO уваходзіць 50 дзяржаваў. Расея запусьціла працэс выхаду з GRECO на пачатку 2023 году.

Аб выхадзе ЗША з GRECO стала вядома пасьля таго, як Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) паведаміла аб адмове Вашынгтону запрасіць яе прадстаўнікоў для назіраньня за прамежкавымі выбарамі ў Кангрэс, якія адбудуцца ў лістападзе.

ЗША ўжо выйшлі з ўэрагу міжнародных арганізацый і структур, у тым ліку з Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя і Рады ААН у правах чалавека, і раглядаюць магчымасьць далейшага скарачэньня свайго ўдзелу ў міжнародных арганізацыях.

Беларусь выйшла з GRECO у 2023 годзе, але з іншых прычын

ЗША сталі трэцяй пасьля Беларусі і Расеі краінай, якія выйшлі з GRECO.

Беларусь далучылася да дадатковага пратаколу да Канвэнцыі аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю ў 2014 годзе. Ад імя краіны ў штаб-кватэры Рады Эўропы ў Страсбургу (Францыя) дакумэнт падпісаў цяперашні намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка, які тады быў амбасадарам Беларусі ў Францыі.

У 2019 годзе GRECO выступіла з публічнай заявай аб невыкананьні Беларусьсю антыкарупцыйных стандартаў арганізацыі. У заяве адзначалася, што з часу, калі ў 2012 годзе GRECO адрасавала Беларусі 24 рэкамэндацыі і зьвярнулася да яе ўладаў з просьбай дазволіць публікацыю даклада аб ацэнцы, 20 рэкамэндацыяў так і засталіся нявыкананымі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG