Служба дастаўкі багажу пасажырам пачала працаваць у Нацыянальным аэрапорце «Менск», паведаміла прэс-служба аэрапорту.
Пасажыры зараз могуць перадаць свой багаж або ручную паклажу супрацоўнікам службы, а тыя даставяць сумкі да аэрапорту, вакзалу, офісу, кватэры, гатэлю ці іншай лякацыі.
Заказаць паслугу можна онлайн ці ў аэрапорце.
«Стойка прыёму багажу разьмешчаная насупраць стужкі яго выдачы ў зоне прылёту саюзных рэйсаў (сэктар 5-6). У зоне міжнародных прылётаў пасажыраў таксама будуць сустракаць супрацоўнікі службы. Для тых, хто вылятае, перадача багажу ў аэрапорце зарганізаваная ў зоне рэгістрацыі пасажыраў», — паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту.
Кошт паслугі залежыць ад колькасьці месцаў, вагі і аб’ёму багажу. За дастаўку ручной паклажы просяць 39 рублёў за адзін прадмет і па 9 рублёў за кожны наступны. Падвоз чамадана будзе каштаваць 39 рублёў за першую торбу і 19 рублёў за кожную наступную.
На першым этапе служба будзе працаваць толькі па Менску і вобласьці.
Што гэта значыць?
Пакуль што служба будзе працаваць толькі ў сталіцы і Менскай вобласьці. Апошнім часам у людзей, якія падарожнічаюць празь менскі аэрапорт, нярэдка здараюцца непрадбачаныя абставіны. Затрымкі і скасаваньні рэйсаў. Падобна, новая служба дастаўкі багажа зможа дапамагчы пасажырам.
Форум