Дата дня
29 верасьня 1529 году ўступіў у сілу першы Статут Вялікага Княства Літоўскага, першы поўны кадыфікаваны збор права ВКЛ, помнік старабеларускай юрыдычнай думкі і пісьменнасьці. Поўная назва — «Права писаные даны панству Великому Князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иных через наяснеишого пана Жикгимонта з божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных».
Ён сыстэматызаваў нормы звычаёвага права, вялікакняскіх прывілеяў, судовай практыкі і старых законаў, у тым ліку Судзебніка 1468 году.
Дзень у гісторыі
1609 — пад Смаленск падышлі перадавыя сілы войска Рэчы Паспалітай на чале з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. 1 кастрычніка прыбылі асноўныя сілы караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы, і пачалася аблога Смаленску. Горад трымаўся амаль два гады і быў узяты ў чэрвені 1611 году.
1885 — зьняволеная ў Варшаўскай цытадэлі Марыя Багушэвіч, дзяячка рабочага руху ў партыі „І Пралетарыят“. У траўні 1887 пакараная высылкаю на 5 гадоў у Сыбір. У дарозе вяла „Дзёньнікі“. Памерла ў Краснаярскай перасыльнай турме.
1938 — у ноч з 29 на 30 верасьня падпісаная Мюнхэнская дамова. Італія, Вялікая Брытанія і Францыя пагадзіліся, каб Нямеччына анэксавала Судэцкі край Чэхаславаччыны.
1939 — чырвонаармейцы ўсчалі страляніну ў Будслаўскім касьцёле і моцна пашкодзілі цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, а таксама скульптуры, вітражы і іншыя абразы. У 1990–1991 гадах абраз адрэстаўраваў мастак Віктар Лукашэвіч.
1941 — нацысты расстралялі амаль 34 тысячы габрэяў ва ўрочышчы Бабін Яр (цяпер у межах Кіева). Масавыя расстрэлы розных групаў насельніцтва працягваліся ў Бабіным Яры і далей.
1957 — на сакрэтным савецкім ядзерным комплексе «Маяк» выбухнула ёмістасьць з высокаактыўнымі радыяактыўнымі адкідамі. У выніку выкіду радыяцыі ў паветра ўтварыўся Ўсходне-Ўральскі радыяактыўны сьлед плошчай больш за 23 тысяч км². У зоне забруджаньня апынуліся каля 270 тысяч чалавек. Савецкія ўлады хавалі інфармацыю пра катастрофу больш за 30 гадоў.
У гэты дзень нарадзіліся
106 да н. э. — Гнэй Пампэй Вялікі, рымскі вайскавод і дзяржаўны дзяяч, тройчы консул Рымскай рэспублікі.
1547 — Мігель Сэрвантэс, гішпанскі пісьменьнік.
1823 — Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), беларускі і польскі паэт, перакладнік і краязнаўца, зьвязаны. У 1861 годзе за ўдзел у патрыятычных маніфэстацыях быў арыштаваны расейскімі ўладамі і зьняволены ў Віленскай цытадэлі.
1866 — Міхайла Грушэўскі, украінскі гісторык, старшыня Цэнтральнай Рады УНР.
1880 — Сяргей Сахараў, беларускі фальклярыст, этнограф, пэдагог.
1891 — Аркадзь Смоліч, беларускі навуковец, палітычны і грамадзкі дзяяч, міністар сельскай гаспадаркі ўраду БНР.
1901 — Энрыка Фэрмі, выбітны італьянскі фізык, адзін з стваральнікаў ядзернай фізыкі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1938 году.
1904 — Леў Голуб, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, народны артыст Беларускай ССР.
1912 — Мікелянджэлё Антаніёні, італьянскі кінарэжысэр.
1913 — Якаў Парэцкі, гісторык літаратуры, мовазнавец, лацініст, перакладнік.
1932 — Міхась Рагалевіч, мастак.
1943 — Лех Валэнса, лідэр польскага прафсаюзу «Салідарнасьць», пазьней прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
1946 — Іван Гайшун, матэматык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
1958 — Адам Глобус, пісьменьнік і мастак.
1959 — Вітаўт Мартыненка, музычны крытык і журналіст, удзельнік беларускага нацыянальнага руху 1980-х гадоў.
У памяці
1902 — Эміль Заля, францускі пісьменьнік і адзін з галоўных прадстаўнікоў натуралізму.1925 — Леон Буржуа — больш зразумела для беларускага чытача, чаму ён у календары, напішы. І за што прэмія была
1925 — Леон Буржуа — францускі дзяржаўны дзяяч, адзін з галоўных ініцыятараў стварэньня Лігі Нацыяў, папярэдніцы ААН. У 1920 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
1930 — Ільля Рэпін, мастак. У 1890-я гады жыў і працаваў у маёнтку Здраўнёва пад Віцебскам, дзе сярод іншых напісаў карціну «Беларус».
2017 — Дзьмітры Смольскі, кампазытар, народны артыст Беларусі.
https://smarturl.click/MAzp