Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум у Швайцарыі: на карту пастаўленыя санкцыі супраць Беларусі і Расеі і супрацоўніцтва з NATO

Мітынг у падтрымку Украіны ў Бэрне 24 лютага 2026 году
Мітынг у падтрымку Украіны ў Бэрне 24 лютага 2026 году

27 верасьня ў Швайцарыі праходзіць рэфэрэндум пра тое, наколькі жорстка краіна павінна прытрымлівацца свайго нэўтралітэту.

Ініцыятыва «Захаваньне швайцарскага нэўтралітэту», якую падтрымлівае правакансэрватыўная Швайцарская народная партыя, прапануе замацаваць у Канстытуцыі «пастаянны і ўзброены» нэўтралітэт.

Цяпер нэўтралітэт ужо замацаваны ў Канстытуцыі Швайцарыі. Артыкулы 173 і 185 абавязваюць парлямэнт і Фэдэральную раду прымаць захады для яго захаваньня. Швайцарыя не ўваходзіць у NATO і іншыя вайсковыя саюзы, але супрацоўнічае з NATO ў пытаньнях бясьпекі.

Ініцыятыва прапануе пайсьці далей: забараніць ня толькі ўступленьне ў вайсковыя саюзы, але і супрацоўніцтва зь імі, за выключэньнем выпадку нападу або непасрэднай падрыхтоўкі да нападу на Швайцарыю. Таксама прапануецца забараніць удзел у войнах паміж трэцімі дзяржавамі.

Што будзе з санкцыямі супраць Беларусі і Расеі

Гэта адно з самых важных магчымых наступстваў. Пасьля расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Швайцарыя далучылася да большасьці санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі. У 2026 годзе яна працягвала пашыраць санкцыйныя сьпісы ў адпаведнасьці з новымі рашэньнямі ЭЗ.

Ініцыятыва прапануе забараніць Швайцарыі ўводзіць санкцыі супраць дзяржаваў, якія ваююць. Выключэньне — санкцыі Рады Бясьпекі ААН і меры супраць абыходу санкцыяў.

Для Беларусі гэта таксама важна. 18 верасьня Швайцарыя ўвяла новы пакет санкцыяў супраць Беларусі, далучыўшыся да захадаў ЭЗ. Абмежаваньні закранаюць гандаль, фінансавы сэктар і шэраг паслуг. Бэрн тлумачыць іх «пастаяннай падтрымкай», якую Беларусь аказвае Расеі ў вайне супраць Украіны.

Фэдэральнае міністэрства замежных справаў Швайцарыі адзначае: калі ініцыятыву прымуць, цяперашнія санкцыі давядзецца скасаваць, бо Швайцарыя больш ня зможа самастойна далучацца да санкцыяў ЭЗ супраць дзяржаваў, якія ўдзельнічаюць у вайне.

Якая пазыцыя Швайцарыі па Ўкраіне

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Швайцарыя заняла больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Расеі, чым гэта традыцыйна чакалася ад нэўтральнай краіны. 28 лютага 2022 году Фэдэральная рада вырашыла далучыцца да санкцыяў ЭЗ супраць Расеі. Урад Швайцарыі называе расейскую агрэсію парушэньнем міжнароднага права і падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Адначасова Бэрн захоўвае ролю пасярэдніка. У 2024 годзе Швайцарыя правяла саміт у Бюргенштоку, прысьвечаны міру ва Ўкраіне, а ў лютым 2026 году ў Жэнэве прымала трохбаковыя перамовы ЗША, Украіны і Расеі. Швайцарскі ўрад падкрэсьлівае, што нэўтралітэт не перашкаджае краіне быць пляцоўкай для перамоваў.

Які настрой у Швайцарыі

Нэйтралітэт застаецца папулярнай ідэяй, але гэта не азначае падтрымкі менавіта гэтай ініцыятывы. У верасьні 63% апытаных былі супраць зьменаў, 34% — за. Усе асноўныя палітычныя лагеры, акрамя Швайцарскай народнай партыі, схіляліся да адмовы ад ініцыятывы.

Апытаньне ETH Zurich паказвае таксама, што 71% швайцарскіх выбарцаў у 2026 годзе лічаць правільным далучэньне краіны да санкцыяў супраць Расеі, а 64% лічаць гэтыя санкцыі сумяшчальнымі з нэйтралітэтам.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG