18 верасьня Фэдэральная рада Швайцарскай канфэдэрацыі пастанавіла ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Краіна далучылася да санкцый, прынятых яшчэ 23 красавіка Эўрапейскім зьвязам.
Зьмены ўступаюць у сілу 19 верасьня, паведаміў Дяржаўны сакратарыят эканамічных дачыненьняў Швайцарыі.
Абмежаваньні супраць Рэспублікі Беларусь уводзяцца «з улікам пастаяннай падтрымкі, якую Беларусь аказвае Расеі ў яе вайне супраць Украіны».
Раней, 22 траўня, Фэдэральны аддзел эканомікі, адукацыі і дасьледаваньняў (EAER) у межах сваёй кампэтэнцыі ўвёў санкцыі супраць дзьвюх арганізацый ад імя Швайцарыі. З 19 верасьня Фэдэральная рада прымае астатнія захады, уведзеныя ЕС 23 красавіка, тым самым больш цесна ўзгадняючы рэжым санкцый супраць Беларусі з тым, што прымяняецца да Расеі.
У галіне гандлю новыя захады пашыраюць ужо дзейную забарону на экспарт тавараў, якія могуць спрыяць вайсковаму і тэхналягічнаму ўзмацненьню Беларусі, а таксама тавараў, прызначаных для павелічэньня яе прамысловых магутнасьцяў. Акрамя таго, Фэдэральная рада пашырае сьпіс тавараў і тэхналёгій, на якія распаўсюджваецца забарона на транзыт праз тэрыторыю Беларусі.
Таксама ўводзяцца дадатковыя абмежаваньні на імпарт эканамічна значных тавараў, якія прыносяць Беларусі істотныя экспартныя даходы.
У фінансавым сэктары ўводзіцца забарона на апэрацыі з пэўнымі крыптавалютамі і лічбавымі валютамі цэнтральных банкаў — у тым ліку зь беларускім лічбавым рублём, — па аналёгіі з санкцыямі супраць Расеі.
Акрамя таго, Фэдэральная рада забараніла апэрацыі з пастаўнікамі паслуг у сфэры крыптаактываў і дэцэнтралізаванымі плятформамі, зарэгістраванымі ў Беларусі.
Пашыраецца й забарона на шэраг паслуг: цяпер забароненыя паслугі ў кіраваньні бясьпекай для Рэспублікі Беларусь, яе дзяржаўных органаў і карпарацый, а таксама паслуг, непасрэдна зьвязаных з турыстычнай дзейнасьцю ў Беларусі.
Для абароны швайцарскіх кампаній рада ўвяла дадатковыя захады, якія тычацца задавальненьня пэўных патрабаваньняў і іх прымусовага выкананьня праз суды ў трэціх краінах.
Новы амбасадар Швайцарыі
Санкцыі ўведзеныя пасьля таго, як Швайцарыі прслала ў Менск свайго новага пасла. 14 верасьня новы амбасадар краіны Штэфан Эстэрман уручыў копіі даверчых грамат намесьніку міністра замежных спраў Ігару Сякрэту. Ад гэтага моманту ён лічыцца кіраўніком замежнай установы, які прыступіў да выкананьня абавязкаў з пэўнымі абмежаваньнямі. У прыватнасьці, пасол ня можа сустракацца з прадстаўнікамі найвышэйшага кіраўніцтва краіны да ўручэньня даверчых грамат, піша «Позірк».
На сустрэчы бакі, як заяўлялася, абмеркавалі «актуальны стан і пэрспэктывы актывізацыі супрацы Беларусі і Швайцарыі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай ды іншых галінах у кантэксьце існых умоў, а таксама абмяняліся думкамі пра сытуацыю ў рэгіёне і сьвеце».
Форум