69-гадовага грамадзяніна Польшчы затрымалі і даставілі ў раённую пракуратуру Варшава-Жалібож у справе нападу на беларуску Марыну Нікандрыну. Пра гэта Свабодзе паведаміў прэсавы прадстаўнік Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Скіба.
Мужчыну выставілі абвінавачаньне паводле арт. 257 у сукупнасьці з арт. 119 § 1 і ў сувязі з арт. 11 § 2 Крымінальнага кодэксу Польшчы. Гаворка ідзе, сярод іншага, пра публічную абразу, парушэньне цялеснай недатыкальнасьці, а таксама гвалт або супрацьпраўную пагрозу з прычыны нацыянальнай прыналежнасьці.
Паводле пракуратуры, падазраваны не прызнаў у поўным аб’ёме, што ўчыніў інкрымінаванае яму дзеяньне. Ён адмаўляе, што ўдарыў Нікандрыну і пагражаў пазбавіць яе жыцьця. Мужчына таксама заявіў, што ня мае прадузятасьці да людзей іншых нацыянальнасьцяў, а Нікандрына, на ягоную думку, хацела розгаласу.
У дачыненьні да падазраванага ўвялі паліцэйскі нагляд, яму забаранілі набліжацца да Нікандрынай і кантактаваць зь ёй.
Інцыдэнт адбыўся 30 траўня на ходніку каля станцыі мэтро Rondo ONZ у цэнтры Варшавы. Як раней расказвала Свабодзе Нікандрына, незнаёмы мужчына груба загадаў ёй саступіць дарогу. Пачуўшы яе акцэнт, ён пачаў абражаць яе і крычаць, каб яна «валіла ва Ўкраіну». Калі Нікандрына сказала, што яна беларуска, мужчына, паводле яе словаў, пачаў пасылаць яе ў Беларусь і называць «расейскай падсьцілкай».
Нікандрына сьцьвярджала, што мужчына таксама яе ўдарыў. Частку інцыдэнту яна зьняла на відэа, якое перадала паліцыі.
31 ліпеня пракуратура распачала расьсьледаваньне паводле фактаў публічнай абразы Нікандрынай, парушэньня яе цялеснай недатыкальнасьці і пагрозы пазбаўленьнем жыцьця з прычыны яе нацыянальнай прыналежнасьці. На той момант асоба нападніка яшчэ не была ўстаноўленая.
Форум