Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму — у СІЗА КДБ. Што вядома?

Былы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Генадзь Дзенгалёў
Былы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Генадзь Дзенгалёў

Былы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Генадзь Дзенгалёў быў затрыманы і цяпер утрымліваецца ў СІЗА КДБ у Менску, вядомым як «амэрыканка», паведамляюць крыніцы Свабоды.

Паводле іх інфармацыі, справа, у межах якой затрымалі Дзенгалёва, зьвязаная з фінансамі. Дакладная сутнасьць прэтэнзіяў да былога чыноўніка, артыкул Крымінальнага кодэксу і ягоны працэсуальны статус пакуль невядомыя.

Таксама няясна, калі менавіта яго затрымалі. Апошнія публічныя згадкі Генадзя Дзенгалёва на пасадзе намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму датуюцца пачаткам жніўня 2025 году. 7 жніўня ён удзельнічаў ва ўрачыстасьцях да Дня будаўніка, а на 9 жніўня ў яго была заплянаваная прамая тэлефонная лінія. Пасьля гэтага Дзенгалёў фактычна зьнік з публічнай прасторы.

15 студзеня 2026 году на ягоную пасаду па пытаньнях будаўніцтва і ЖКГ быў узгоднены Ігар Клішо. Калі менавіта Дзенгалёў пакінуў пасаду, публічна не паведамлялася.

Хто такі Генадзь Дзенгалёў

Генадзь Дзенгалёў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласьці і большую частку кар’еры быў зьвязаны з будаўнічай галіной. Ён скончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум, Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, а таксама Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

У розныя гады працаваў у будаўнічых арганізацыях Магілёўшчыны, узначальваў «Магілёўхімрамонт», кіраваў УКБ Магілёўскага гарвыканкаму і Галоўным упраўленьнем капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. З 2015 году ўзначальваў «Мінскаблсельбуд».

У 2017 годзе Дзенгалёў узначаліў Барысаўскі райвыканкам. У траўні 2022 году яго ўзгаднілі на пасаду намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму па пытаньнях будаўніцтва і ЖКГ. У студзені 2026 году на гэтую пасаду быў прызначаны Ігар Клішо.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG