Аляксандар Лукашэнка прыняў свайго спэцыяльнага пасланьніка і шматгадовага паплечніка Віктара Шэймана.
«Што за гэты час зрабіў для краіны, ну і другое — Афрыка. Ты ў нас на далёкай дузе галоўны чалавек, таму якая абстаноўка там? Што нам варта зрабіць, якая падтрымка, дапамога патрэбна», — сказаў Лукашэнка ў пачатку сустрэчы з Віктарам Шэйманам.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Шэйман далажыў аб рэалізацыі праектаў, зьвязаных з рэальным сэктарам эканомікі і разьвіцьцём новых высокатэхналягічных кірункаў«.
«Яшчэ адна ключавая тэма справаздачы — работа па стварэньні супрацы Беларусі з краінамі Афрыканскага кантынэнту», — адзначыла выданьне.
«Да Афрыкі неўзабаве мы яшчэ бліжэй будзем прыглядацца. Ты ведаеш, што такое Афрыка для любой краіны. Тым больш для нашай», — працытавала Лукашэнку БелТА.
Хто такі Шэйман
Віктар Шэйман з пачатку прэзыдэнцкай дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца яго адным з найбліжэйшых паплечнікаў.
Ён быў дэпутатам парлямэнту, выконваў абавязкі міністра ўнутраных спраў у 1995 годзе, быў двойчы дзяржаўным сакратаром Савета бясьпекі (1994–2000 і 2006-2008), быў генэральным пракурорам (2000-2004), ачольваў адміністрацыю Лукашэнкі (2004–2006) і ачольваў кіраваньнем справамі прэзыдэнта (2013–2021).
Шэйман цягам сваёй кар’еры курыраваў супрацу Беларусі з Вэнэсуэлай, Афрыкай, апошнім часам зафіксавалі ягоныя кантакты з непрызнанай Рэспублікай Абхазія.
Імя Шэймана і ягоных блізкіх зьвязваюць з бізнэс-імпэрыяй, якая займаецца кантрабандай санкцыйных прадуктаў і рээкспартам у Расею, здабычай золата ў Зімбабвэ. Шэймана таксама зьвязваюць зь першай у Беларусі прыватнай ахоўнай кампаніяй.
Міжнародныя праваабарончыя структуры абвінавачваюць Віктара Шэймана ў датычнасьць да так званых «эскадронаў сьмерці», якія маглі быць датычныя да выкраданьня і забойства апазыцыйных беларускіх палітыкаў, а таксама праціўнікаў рэжыму.
Сярод вядомых выпадкаў — зьнікненьне колішняга міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара і апэратара Дзьмітрыя Завадзкага.
Віктар Шэйман знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін, Эўразьвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады праз абвінавачаньні ў парушэньні дэмакратычных правоў, у карупцыі і датычнасьці да зьнікненьня людзей.
Форум