Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Косава Тачы і ягоных суўдзельнікаў асудзілі ў Гаазе за ваенныя злачынствы

Хашым Тачы на слуханьнях у трыбунале ў Гааз
Хашым Тачы на слуханьнях у трыбунале ў Гааз

Шэраг косаўскіх альбанцаў прызнаны спэцыяльным трыбуналам у справах Косава ваеннымі злачынцамі і на доўгія гады адправіцца ў турму.

Судовая калегія 16 верасьня абвясьціла рашэньне ў справе Хашыма Тачы, Кадры Вэсэлі, Рэджэпа Сэлімі і Якупа Краснікі. Судовая калегія прызнала ўсіх чатырох абвінавачаных адказнымі за ваенныя злачынствы, якія ўключалі адвольнае затрыманьне 385 асобаў, жорсткае абыходжаньне з 49 асобамі, катаваньні 303 асобаў і забойства 96 асобаў.

Судовая калегія прызнала абвінавачаных невінаватымі ў злачынствах супраць чалавецтва, пракурор Трыбуналу ня здолеў давесьці факт шырокамаштабнага або сыстэматычнага нападу на цывільнае насельніцтва. Абвінавачаных таксама прызналі невінаватымі ў шэрагу канкрэтных эпізодаў ваенных злачынстваў.

Судовая калегія прысудзіла Хашыма Тачы і Якупа Краснікі да 25 гадоў пазбаўленьня волі, Кадры Вэсэлі — да 18 гадоў, Рэджэпа Сэлімі — да 13 гадоў пазбаўленьня волі з улікам ужо адбытага тэрміну пакараньня.

Хто такі Хашым Тачы?

Гэта найбольш вядомы ў сьвеце косаўскі палітык. Ён займаў розныя адказныя пасады ў часткова прызнанай рэспубліцы Косава, якую Сэрбія лічыць часткай сваёй тэрыторыі.

58-гадовы Тачы шмат гадоў быў у нацыяналістычным альбанскім руху, які выступаў за аддзяленьне Косава ад Сэрбіі. Пасьля таго, як рэспубліку прызналі некаторыя краіны сьвету, у тым ліку Злучаныя Штаты, Тачы шмат гадоў займаў высокія дзяржаўныя пасады. Ён быў міністрам замежных спраў і прэм’ер-міністрам краіны.

З 2016 году Хашым Тачы быў прэзыдэнтам Косава. Але ў 2020-м палітык быў вымушаны падаць у адстаўку, бо супраць яго выставіў абвінавачаньні Спэцыяльны трыбунал у справах Косава. Затым яго ўзялі пад варту.

Спачатку супраць Тачы выставілі абвінавачаньні ў масавых забойствах сэрбаў і цыганоў, за што пракурор прасіў яму 45 гадоў зьняволеньня. У выніку тэрмін абмежавалі да 25 гадоў.

Што ўчынілі асуджаныя?

Судзьдзі высьветлілі, што ў час канфлікту ў Косаве Тачы, Вэсэлі, Сэлімі і Краснікі адыгралі значную ролю ў «рэалізацыі агульнай злачыннай мэты, накіраванай супраць асоб, якія лічыліся праціўнікамі палітычных і ваенных мэтаў Арміі вызваленьня Косава (АВК)», піша Трыбунал.

Да такіх асобаў адносіліся косаўскія альбанцы, зьвязаныя з іншымі палітычнымі або вайсковымі сіламі (напрыклад, LDK і FARK); асобы, якіх падазравалі ў сувязях з уладамі Саюзнай Рэспублікі Югаславія ці Сэрбіі; а таксама цывільныя прадстаўнікі пэўных этнічных меншасьцяў, у тым ліку цыганы і сэрбы.

Дзеяньні супраць такіх асоб выяўляліся ў забойствах, арыштах і затрыманьнях без належнай прававой працэдуры, фізычным і псыхалягічным гвалце, а таксама іншых формах зьдзекаў, запалохваньня і перасьледу.

Часта сваіх будучых ахвяр гэтыя людзі беспадстаўна і памылкова абвяшчалі калябарантамі або шпіёнамі. Шмат каму давялося стаць сьведкамі жорсткага абыходжаньня зь сямейнікамі або іх забойства.

У час судовага паседжаньня судзьдзя, якія старшыняваў на працэсе, падкрэсьліў, што прадметам разгляду не была легітымнасьць Арміі вызваленьня Косава (АВК) і яе мэта стварэньня незалежнага Косава, а толькі выкарыстаньне асобнымі яе сябрамі злачынных мэтадаў дзеля дасягненьня сваіх мэтаў. Таксама на працэсе не разглядаліся ўжо даведзеныя ў судах раней злачынствы сэрбскіх сілаў і ваенізаваных фармацый супраць косаўскіх альбанцаў.

Асабістая роля абвінавачаных

У выпадку з Хашымам Тачы судовая калегія высьветліла, што як сябар Генэральнага штабу АВК і кіраўнік Палітычнай управы ён адыгрываў ключавую ролю ў фармаваньні і рэалізацыі агульнай мэты. Гэта прадугледжвала стварэньне месцаў утрыманьня пад вартай; выяўленьне асобаў, якія ўспрымаліся як праціўнікі АВК; іх арышт і затрыманьне; а таксама, пры патрэбе, іх забойства.

Судовая калегія таксама выявіла, што Хашым Тачы асабіста ўдзельнічаў у злачынствах, у тым ліку ў арышце, адвольным затрыманьні і допыце 13 дэпутатаў, а таксама ў арышце, затрыманьні, выкраданьні і забойстве Бэхайдзіна Алакі — альбанскага інтэлектуала, які быў удзельнікам АВК.

Акрамя таго, паводле Трыбуналу, Тачы распаўсюджваў ілжывую інфармацыю пра затрыманых і ахвяр злачынстваў, учыненых баевікамі АВК, даваў ілжывыя запэўніваньні ад імя АВК наконт захаваньня нормаў міжнароднага гуманітарнага права і спрыяў палітыцы беспакаранасьці ў дачыненьні асобаў, вінаватых у злачынствах супраць апанэнтаў.

Кадры Вэсэлі як кіраўнік выведкі адказваў перадусім за выяўленьне, збор інфармацыі, назіраньне і нэўтралізацыю асобаў, падазраваных у «калябарацыянізьме». Менавіта ў выніку ягоных дзеяньняў адбываліся выкраданьні, катаваньні і забойствы такіх асобаў.

Судовая калегія вызначыла, што афіцыйная пасада Рэджэпа Сэлімі — генэральны інспэктар Арміі вызвалення Косава (АВК) — надзяляла яго меншымі паўнамоцтвамі ў дачыненьні іншых сяброў АВК. Але ягоная бязьдзейнасьць спрыяла таму, што груба парушаўся закон і міжнароднае гуманітарнае права.

Адносна ролі Якупа Краснікі судовая калегія выявіла, што як сябар Генэральнага штабу і Палітычнай управы, а таксама прэс-сакратар і намесьнік правадыра АВК, ён адыгрываў ключавую ролю ў распрацоўцы і рэалізацыі палітыкі, накіраванай супраць апанэнтаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG