Міністар замежных спраў Босьніі і Герцагавіны Эльмэдын Канакавіч 7 верасьня заявіў, што амаль увесь басьнійскі дыпляматычны пэрсанал будзе адкліканы з пасольства ў Сэрбіі ў адказ на дзеяньні сэрбскіх уладаў пасьля сьмерці і пахаваньня асуджанага ваеннага злачынца Ратка Младзіча.
Канакавіч заявіў, што ў Бялградзе могуць застацца толькі пасол і консул, бо іх справу іх прызначэньня і магчымага адкліканьня вырашае Прэзыдэнтура Босьніі і Герцагавіны, а астатніх супрацоўнікаў адклічуць.
Консульскія абавязкі павінны быць перададзеныя пасольствам Босьніі і Герцагавіны ў Заграбе і Падгорыцы, у Харватыі і Чарнагорыі адпаведна.
Міністар растлумачыў такі крок падзеямі ў Сэрбіі пасьля сьмерці Младзіча, у тым ліку пахаваньня, цырымоніі памінаньня і пасланьнямі, якія выказваліся публічна.
«Калі б я мог, я б неадкладна разарваў дыпляматычныя адносіны з Сэрбіяй сёньня. Што я магу зрабіць, дык гэта зьвесьці гэтыя дачыненьні да магчымага мінімуму», — сказаў Канакавіч.
Адказ зь Бялграду
Міністар замежных спраў Сэрбіі Марка Джурыч у адказ на заяву Канаковіча абвінаваціў міністра замежных спраў БіГ у «крывадушнасьці» ў Facebook і заявіў, што ён павінен «спачатку агучыць імёны сэрбскіх ахвяр, асудзіць злачынствы, учыненыя супраць іх, і растлумачыць, чаму ў Сараеве дагэтуль шануюць асуджаных камандзіраў».
Міністар замежных спраў БіГ, у сваю чаргу, заявіў, што апошняй кропляй сталі падзеі на футбольнай сустрэчы ў Бялградзе ў гэтыя выходныя. На полі стадёна «Райка Мітыч» сустрэліся два найбуйнейшыя клюбы зь Бялграду — «Црвэна Звэзда» і «Партызан». Памяць Младыча ня толькі ўшанавалі хвілінай маўчаньня — заўзятары «Црвэны Звэзды» на сваёй трыбуне расьцягнулі вялікі партрэт генэрала з надпісам «Pravac Potočari» — словамі генэрала, сказанымі ў 1995 годзе.
Младыч прамовіў «кірунак Паточары», загадаўшы свайму войску ісьці ў бок галяндзкай базы ААН, дзе шукалі прытулку басьнійскія ўцекачы пасьля падзеньня Срэбраніцы. Неўзабаве адбылася разаніна, за якую пазьней Младыча асудзяць на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Канакавіч заявіў, што такія мерапрыемствы — працяг праслаўленьня ваенных злачынстваў сэрбаў.
Хто такі Ратка Младзіч?
Генэрал войска басьнійскіх сэрбаў. Разьня ў Срэбраніцы 1995 году стала жахлівай кульмінацыяй вайны, якая доўжылася ўжо больш за тры гады.
Целы забітых у Срэбраніцы на працягу чатырох дзён у ліпені 1995 году бульдозэрамі зьвальвалі ў масавыя магілы. Некаторыя зь іх пазьней выкапвалі і перавозілі ў аддаленыя горныя раёны, каб схаваць сьляды забойстваў.
Але тыя падзеі не былі адзінымі ў злачыннай хадзе генэрала. Войскі, якімі камандаваў Младзіч, трымалі ў аблозе сталіцу Босьніі Сараева і абстрэльвалі горад з артылерыі, танкаў, мінамётаў і буйнакалібэрных кулямётаў. Загінулі 10 тысяч чалавек.
16 гадоў Младзіч жыў на волі, пасьля чаго яго арыштавалі і выдалі ў Гаагу. У 2017 годзе суд прызнаў Ратка Младзіча вінаватым у генацыдзе.
Мэтай, як вызначыў Міжнародны крымінальны трыбунал ААН у справах былой Югаславіі, была «этнічная чыстка» — гвалтоўнае выгнаньне басьнійскіх мусульманаў, харватаў і іншых ня сэрбаў, каб вызваліць землі Босьніі для стварэньня Вялікай Сэрбіі.
Трыбунал прыйшоў да высновы, што Младзіч разам з ужо памерлым прэзыдэнтам Сэрбіі Слабаданам Мілошавічам і палітычным лідэрам басьнійскіх сэрбаў Радаванам Караджычам былі ўдзельнікамі злачыннай змовы дзеля ажыцьцяўленьня гэтага пляну.
Младзіч памёр 27 жніўня 2026 году ў шпітальным аддзяленьні ізалятара ААН у прадмесьці Гаагі.
Прапаганда ў Беларусі назвала Младзіча «героем»
Аляксандар Лукашэнка адкрыта, бадай, нідзе не падтрымліваў генацыд, які ўчынілі сэрбы ў Срэбраніцы, забіўшы 8 тысяч башнякоў. Але погляды цяперашніх уладаў у Менску выйшлі навонкі пасьля сьмерці Младзіча і ўрачыстых праводзінаў генэрала, якія зрабілі ўлады Сэрбіі.
Праўладныя газэты хваляць Младыча, называюць ваеннага злачнцу «героем» і вінавацяць у трагедыях сярэдзіны 1990-х ЗША і NATO.
Форум