Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля апошняга буйнога памілаваньня палітвязьнямі прызналі яшчэ 224 чалавекі

Ілюстрацыйнае фот
Ілюстрацыйнае фот

15 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй расказваў, што ў краіне няма палітычнага перасьледу.

19 сакавіка 2026 году ў выніку памілаваньня на волю выйшлі 250 палітвязьняў. З таго часу праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі яшчэ 224 чалавекі, якія ўтрымліваюцца за кратамі паводле палітычных матываў, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Акрамя таго, за гэты ж час праваабаронцы постфактум прызналі палітвязьнямі яшчэ 138 чалавек — на момант прызнаньня яны ўжо выйшлі на волю.

Такім чынам, пасьля вызваленьня 250 палітвязьняў 19 сакавіка праваабаронцы зафіксавалі і прызналі палітычна матываваным зьняволеньне яшчэ 362 чалавек.

Палітычныя матывы ў крымінальнай справе вызначаюцца праваабаронцамі паводле міжнародных стандартаў, прынятых для такіх выпадкаў.

Агулам на гэты момант у Беларусі 912 чалавек утрымліваюць у турмах з палітычных прычынаў.

Лукашэнка на сустрэчы з Коўлам пра палітвязьняў

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.

Калі размова зайшла аб вызваленьні палітвязньняў, Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што ў Беларусі няма палітычнага перасьледу. Апроч таго, ён заявіў, што «беглыя» хлусяць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца і замест вызваленых у межах амэрыканскіх дамоўленасьцяў затрымліваюць і судзяць у два разы больш іншых грамадзян.

«Я адчуваю, што і вас яны пераканалі. [...] Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда. У нас няма такой мэты, замест вызваленых людзей адпраўляць новых людзей у папраўчыя калёніі. Такой у нас праблемы няма. Мы гэтага ня робім і рабіць ня будзем. Гэта нашы беларусы. Але калі нехта з грамадзян Беларусь і прысутных тут неграмадзян парушаць беларускія законы, мы абавязкова будзем рэагаваць па законе», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, ва ўладаў Беларусі «абсалютна няма неабходнасьці палітычнага перасьледаваць, таму што ўсе працэсы ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG