У Менску асудзілі беларускага прадпрымальніка, які жыў у Польшчы
Стала вядома, што 57-гадовы Канстанцін Харытоненка атрымаў прысуд у Менску па справе аб фінансаваньні ўдзелу грамадзян у баявых дзеяньнях за межамі Беларусі.
Да арышту ён жыў і працаваў у Польшчы, дзе кіраваў кампаніяй, якая імпартавала грузінскае віно, піша «Наша Ніва».
Канстанціна Харытоненку арыштавалі ў 2025 годзе. Яго справу разглядаў Менскі гарадзкі суд. Прадпрымальніка судзілі паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне ўдзелу грамадзян у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы).
Беларускія сілавікі выкарыстоўваюць гэты артыкул, у прыватнасьці, у справах аб дапамозе беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, Узброеным сілам Украіны і ў выпадках данатаў на дапамогу ўкраінцам.
Канстанціна накіравалі ў калёнію, аднак дакладны прысуд невядомы.
Ягонае прозьвішча ўжо ўнесьлі ў так званы сьпіс экстрэмістаў, які вядзе МУС Беларусі, у ім пазначана, што ён адбывае пакараньне.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агулам рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.