Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дапоўніла сьпіс «экстрэмістаў» яшчэ 19 прозьвішчамі.
Згодна з інфармацыяй МУС, у сьпіс дадалі тых, датычна якіх вырак набыў юрыдычную моц.
У прыватнасьці, у сьпіс дадалі 55-гадовую жыхарку Жлобіна Сьвятлану П’янаву, якую Гомельскі абласны суд асудзіў паводле артыкулаў — ч. 1 артыкулу 367 і ч. 1,2 артыкулу 361-4. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» яе сёлета 23 ліпеня асудзілі ў так званай «справе Гаюна» на тры гады «хатняй хіміі», а да суда яе ўтрымлівалі ў СІЗА-3.
Двух гарадзенцаў — Дзяніса Адаміна і Валера Рынкевіча — асудзілі за распальваньне варожасьці, садзейнічаньне «экстрэмізму» і абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. Рынкевічу дадаткова інкрымінавалі зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў. Праваабаронцы ня ведаюць дэталяў іхных выракаў.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агулам рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Форум