Борыс Джонсан быў у цягніку з Кіева, пасажыраў якога эвакуявалі праз пагрозу ўдару дрона

Борыс Джонсан на канфэрэнцыі YES у Кіеве.
Борыс Джонсан на канфэрэнцыі YES у Кіеве.

Былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан раніцай 13 верасьня ехаў спэцыяльным цягніком з Кіева ў Польшчу.

Частку пасажыраў эвакуявалі праз пагрозу ўдару расейскага дрона, паведамляе Der Spiegel.

У цягніку таксама знаходзіліся дарадца канцлера Нямеччыны па бясьпецы Гюнтэр Заўтэр, яго калегі з Францыі, Вялікабрытаніі і Італіі, а таксама былы міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більдт, шэраг дэпутатаў Бундэстагу і дыпляматаў, якія ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі па бясьпецы YES у Кіеве.

Дрон ударыў па лякаматыве іншага цягніка — пасажырскага Кіеў—Варшава. Пасажыраў гэтага цягніка загадзя эвакуявалі, таму ніхто не пацярпеў. Удар адбыўся на станцыі ўсяго за два кілямэтры ад польскай мяжы.

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга, зьвяртаючыся да эўрапейскіх палітыкаў, заявіў: «Расейскія варвары каля вашых брамаў». У выніку іншых удараў па чыгуначнай інфраструктуры частка цягнікоў ва Ўкраіне затрымлівалася на некалькі гадзінаў.

У Мінабароны Расеі раней пацьвердзілі ўдары па ўкраінскай чыгуначнай інфраструктуры.

Хто такі Борыс Джонсан

Борыс Джонсан — брытанскі палітык, былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі і адзін з найбольш вядомых прыхільнікаў падтрымкі Ўкраіны ў заходняй палітыцы.

Джонсан быў прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі ў 2019–2022 гадах, да гэтага — мэрам Лёндану і міністрам замежных спраў. Ён стаў адным з галоўных твараў Брэксыту, выступаў за выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу. Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Джонсан заняў адназначна праўкраінскую пазыцыю.

Ягоны ўрад аказваў Кіеву ваенную і гуманітарную дапамогу, увёў санкцыі супраць Расеі. Джонсан некалькі разоў наведваў Кіеў падчас вайны і падтрымліваў асабістыя адносіны з Уладзімірам Зяленскім. Яго часта называюць адным з найбольш пасьлядоўных прыхільнікаў таго, каб Захад працягваў дапамагаць Украіне і не прымушаў яе пагаджацца на ўмовы Расеі.

​
XS
SM
MD
LG