«Лісты з маўклівай краіны» беларускага дакумэнталіста Андрэя Куцілы расказвае гісторыі людзей, чыё жыцьцё зьмянілі рэпрэсіі, турма і выгнаньне. Фільм днямі паказалі ў пазаконкурснай сэкцыі Вэнэцыянскага кінафэстывалю. Дагэтуль у афіцыйную праграму прэстыжнага фэсту траплялі толькі дзьве карціны, зьвязаны зь Беларусьсю — «Іван Макаравіч» (1968 год) Ігара Дабралюбава і «Ідзі і глядзі» (1985) Элема Клімава.
Фільм Андрэя Куцілы расказвае пра сучасную Беларусь праз асабістыя гісторыі людзей, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, зьняволеньнем і жыцьцём у краіне, дзе звычайны чалавечы голас можа стаць прычынай перасьледу. Над карцінай рэжысэр працаваў пяць гадоў.
Для кожнага героя рэжысэр шукаў сваю візуальную мову. А гісторыі пяці чалавек павінны былі скласьціся ў своеасаблівую мазаіку краіны.
На фэстываль у Вэнэцыю Андрэй Куціла прыехаў разам зь вялікай міжнароднай камандай — беларусамі, палякамі, літоўцамі і немцамі. На афіцыйнай імпрэзе рэжысэр і ягоная каманда ўручылі дырэктару фэстывалю стос лістоў палітзьняволеных. Гэта пятнаццаць дадатковых лістоў, якія, паводле Куцілы, дазваляюць шырэй зразумець беларускую рэальнасьць.
«Калі чалавек нічога ня ведае пра Беларусь, то ён пасьля таго, як прачытае гэтыя 15 лістоў, упэўнена будзе мець уражаньне. Яны даюць эмацыянальна-інтымны, сацыяльна-палітычны кантэкст таго, што сёньня адбываецца ў Беларусі», — кажа рэжысэр у інтэрвію праграме «ПіК Свабоды».
«Ліст — гэта ня толькі тое, што напісана на паперы»
Першапачаткова Куціла задумваў фільм менавіта як фільм на падставе ліставаньня. Але за час працы над ім сытуацыя зьмянілася: ліставаньне палітвязьняў пачалі абмяжоўваць, а потым фактычна забараняць. Тым ня менш рэжысэр вырашыў не адмаўляцца ад першапачатковай формы.
Ён пачаў выкарыстоўваць ня толькі сапраўдныя лісты, але і тэксты, створаныя на аснове размоваў зь людзьмі, якія прайшлі праз рэпрэсіі, знаходзяцца ў Беларусі альбо ўжо зьехалі.
«Мы пасьпелі сабраць вялікую колькасьць лістоў, і пасьля я вырашыў, што мы захаваем форму лістоў, але будзем выкарыстоўваць у тым ліку нататкі людзей. Мы праводзілі шмат размоваў у форме інтэрвію і пасьля працавалі над тым, як бы гэта ўклалася ў агульную канцэпцыю і форму лістоў. Ліст — гэта ня толькі тое, што напісанае на паперы», — тлумачыць Куціла.
Для яго ліст стаў хутчэй вобразам сувязі чалавека з тымі, хто за кратамі, хто застаўся ў Беларусі, і хто быў вымушаны зьехаць.
«Мы вырашылі захаваць гэтую форму лістоў, каб надаць фільму такі інтымны характар. Нельга казаць, што гэта наўпрост палітычнае кіно. Гэта перш за ўсё кіно пра лёс людзей, пра эмоцыі, пра тое, як людзі трываюць у сёньняшнія часы ў Беларусі», — кажа рэжысэр.
Пяць чалавек замест тысячаў
За апошнія шэсьць гадоў праз розныя формы рэпрэсіяў у Беларусі прайшлі дзясяткі тысяч чалавек. Куціла выбраў для фільму толькі пяць гісторый. Гэта ня спроба прадставіць статыстычна «тыповых» беларусаў. Рэжысэр кажа, што найперш хацеў даць голас людзям з розным досьведам і рознай пэрспэктывай.
Сярод іх — чалавек, які па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі і спрабуе пазьбегнуць затрыманьня. Гісторыя Вітольда Ашурка, які памёр у турме. Маладая дзяўчына, студэнтка і мастачка, якая знаходзіцца ў жаночай калёніі. Яе гісторыя будуецца на малюнках, дзёньніках і лістах.
«Перш за ўсё я хацеў даць галасы людзей зь Беларусі, пра Беларусь, з рознай пэрспэктывы. Хтосьці яшчэ па сёньня ў Беларусі спрабуе пазьбегнуць затрыманьня, жыць у гэтых умовах. Кагосьці ўжо з намі няма, як Вітольда, які памёр — мы ведаем, быў закатаваны ў турме. Ёсьць гісторыя дзяўчыны, студэнткі, якая знаходзіцца ў жаночай калёніі і малюе такую пэрспэктыву маладой мастачкі, творчай асобы», — распавядае Куціла.
Анімацыю стваралі год
У фільме ёсьць анімацыя, суб’ектыўная камэра, гісторыі, расказаныя амаль выключна праз фатаздымкі і выявы на экране манітора. Анімацыя ў некаторых эпізодах спалучаецца з жывымі дакумэнтальнымі кадрамі.
Паводле Куцілы, каля 20 хвілінаў анімацыі ў стужцы ствараліся прыкладна год.
«Мы не выкарыстоўваем штучны інтэлект — і прынцыпова. Ён яшчэ ня можа зрабіць усіх дэталяў, усяго таго, што ты хочаш. І гэта ўсё робіцца рукамі. Таму гэта займае неверагодную колькасьць часу», — кажа рэжысэр.
Асновай для часткі анімацыі сталі малюнкі адной з гераіняў, якая знаходзілася ў калёніі. Пасьля яе выхаду на волю гэтыя малюнкі сталі матэрыялам для ілюстратараў, сторыбардзістаў і аніматараў.
«Яна зрабіла цэлую сэрыю малюнкаў, на аснове якіх працавалі ўжо ілюстратары, распрацоўваючы візуальную канцэпцыю анімацыі. Далучаюцца сторыбардзісты, якія схематычна тое, што ў цябе ў галаве, пераносяць на кампутар, на ілюстрацыі. Пасьля пачынаецца непасрэдна праца аніматараў, якія задаюць рух і гэтак далей», — апісвае працэс Куціла.
Фільм на мільённую аўдыторыю
Куціла не хавае, што фільм ад самага пачатку задумваўся ня толькі для беларусаў. Наадварот, адна з галоўных аўдыторыяў — людзі, якія ведаюць пра Беларусь вельмі мала альбо ня ведаюць нічога. Пасьля вэнэцыянскай прэм’еры ён прыводзіць прыклад італьянскай глядачкі, якая ўпершыню пачула пра Беларусь менавіта дзякуючы фільму.
«Учора на прэм’еры італьянка першы раз пачула пра Беларусь увогуле. Для яе адкрыўся іншы сьвет. Яна ніколі ня ведала, што такая краіна ёсьць і што там адбываецца ўнутры. Таму я не скажу, што гэты фільм рабіўся выключна для беларусаў. Хутчэй для тых, хто ведае пра нашу краіну альбо вельмі мала, альбо зусім не ведае», — кажа Куціла.
Пасьля фэстывальнай прэм’еры ў фільму будзе і далейшае жыцьцё. Сярод партнэраў — польскае тэлебачаньне, а таксама ZDF у калябарацыі з ARTE. Фільм будзе паказаны ў Польшчы, Нямеччыне і Францыі. Яшчэ адзін важны партнэр — Deutsche Welle, празь якую стужка павінна атрымаць некалькі моўных вэрсіяў і шырокі міжнародны распаўсюд. З такімі партнэрамі фільм можа пабачыць мільённая аўдыторыя, спадзяецца аўтар.
Форум