10 верасьня войскі Расеі правялі масавы абстрэл шэрагу рэгіёнаў Украіны. Найбольш дасталося гораду Паўлаград, які месьціцца непадалёк Дніпра. Абстрэл вялі па ажыўленым раёне, які наведваюць шмат людзей — там гандлёвыя цэнтры.
Пасьля ўдару на месцы загарэліся аўтамабілі, гандлёвыя павільёны, склад.
На гэты момант вядома пра 4 чалавек, якія загінулі. Больш за 60, у тым ліку трое падлеткаў, атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Ня выключана, што колькасьць ахвяр можа вырасьці пасьля далейшых работ ратавальнікаў на месцы трагедыі.
Рэакцыя Зяленскага
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўжо выказаў сваю думку пра апошнія разбуральныя абстрэлы расейцаў. Ён згадаў крывавую атаку на Паўлаград і паведаміў пра іншыя расейскія ўдары.
«Дзясяткі людзей таксама атрымалі раненьні ў Краматорску, калі расейскія бомбы трапілі ў жылыя дамы. Пацярпелі і іншыя гарады і населеныя пункты ў Дняпроўскай, Данецкай, Сумскай, Чарнігаўскай і Харкаўскай вобласьцях. Увечары абстрэлам падвергліся Дніпро і Кіеў.
Мы максымальна працуем з нашымі партнэрамі, каб абараніць украінцаў ад такога расейскага тэрору. Сёньня будуць прынятыя рашэньні аб дадатковых пакетах падтрымкі для Ўкраіны, у прыватнасьці, абароны нашага неба. Мы таксама рыхтуем дадатковыя пакеты падтрымкі. Сьвет бачыць, што робіць Расея. І падтрымка Ўкраіны будзе».
Што кажуць у Расеі?
Расейскі бок за ўвесь час вайны не прызнаў атак на цывільныя аб’екты, ува ўсіх выпадках у Маскве заяўляюць, што б’юць выключна па будынках і іншых аб’ектах, якія выкарыстоўваюцца ўкраінскімі вайскоўцамі. Гэтак і з атакай 10 верасьня.
Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што нанесла групавыя ўдары па марскіх суднах і портах Украіны, а таксама па лягістычных цэнтрах, што дзейнічаюць «у інтарэсах УСУ».
Таксама расейцы заявілі пра пашкоджаньне ў Чарнаморску ўкраінскага сухагрузу, які нібыта дастаўляў грузы ваеннага прызначэньня.
Трывога ў Польшчы
Таксама абстрэлы з боку войскаў агрэсара выклікалі абвяшчэньне трывогі ў суседняй з Украінай Польшчы. Як даведалася Свабода, жыхары Падкарпацкага ваяводзтва за 10 верасьня двойчы атрымлівалі апавяшчэньні пра паветраную пагрозу краіне ў выніку расейскіх абстрэлаў Украіны. Двойчы ж у паветра падымалася польская баявая авіяцыя, каб прадухіліць магчымую небясьпеку.
Падзеі адбыліся на гадавіну першага выкарыстаньня Польшчай баявой авіяцыі супраць расейскіх дронаў. Менавіта 10 верасьня 2025 году адбылося грубае парушэньне польскай паветранай прасторы расейскімі бесьпілётнікамі.
У польскіх вёсках Чэсьнікі і Часноўка былі знойдзеныя абломкі бесьпілётнікаў, а ў вёсцы Вырыкі-Калёнія бесьпілётнік пашкодзіў дах дому. Польшча заявіла, што падняла ў паветра зьнішчальнікі і зьбіла некалькі расейскіх бесьпілётнікаў, якія ўварваліся ў яе паветраную прастору падчас расейскага паветранага нападу на Ўкраіну раніцай 10 верасьня.
Пасьля тых здарэньняў пракуратура Любліна пачала расьсьледаваньне, ці правамерна пілёт зьнішчальніка F-35 стрэліў ракетай, зьбіваючы расейскія дроны. Як расказал польскі тэлеканал TVN, пракуроры спынілі справу якраз сёньня, 10 верасьня.
У дзеяньнях пілёта ня знойдзена складу злачынства, устаноўлена, што ён дзейнічаў паводле сваіх працоўных інструкцый, а трапленьне ракеты ў дом адбылося ненаўмысна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум