Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі бярэ пад кантроль дамафоны. Лукашэнка ўжо даў дабро

У Цэнтры маніторынгу Дэпартамэнту аховы МУС (на архіўным фота) ўжо маюць доступ да амаль паўтысячы дамафонаў
У Цэнтры маніторынгу Дэпартамэнту аховы МУС (на архіўным фота) ўжо маюць доступ да амаль паўтысячы дамафонаў

«МУС пачне распрацоўваць сыстэму, функцыянал якой дазволіць забясьпечыць апэратыўны доступ супрацоўнікаў экстранных службаў і праваахоўных органаў, апавяшчаць людзей у выпадку небясьпекі, а таксама разблякоўваць замкі дамафонных сыстэмаў», — заявіў пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

«Пілётны праект сыстэмы кіраваньня доступам ужо разгорнуты ў Цэнтры маніторынгу Дэпартамэнту аховы МУС, да яго падключаныя 494 аб’екты», — сказаў ён.

Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву і загадаў рэалізаваць яе апэратыўна, паведаміў Кубракоў.

Нарада ў Лукашэнкі была прысьвечана ліцэнзаваньню розных відаў дзейнасьці. І, паводле Кубракова, на ёй прынялі рашэньне ліцэнзаваць абслугоўваньне дамафонаў.

Узяцца за гэта, прынамсі часткова, гатовы Дэпартамэнт аховы. Але ягоныя магутнасьці «дазваляюць ахапіць увесь жыльлёвы фонд рэспублікі», адзначаецца ў паведамленьні МУС.

На сёньня толькі траціна з тых, хто абслугоўвае дамафоны, мае ліцэнзію. Кубракоў зьвярнуў увагу Лукашэнкі, што ў краіне няма адзінага апэратара ў гэтай сфэры.

«Сытуацыя, якая склалася, выклікае шматлікія нараканьні грамадзян на якасьць паслуг, прычым прэтэнзіі часта выказваюць не супрацоўнікам камэрцыйных арганізацыяў, якія займаюцца абслугоўваньнем, а прадстаўнікам дзяржаўных камунальных службаў», — заявіў міністар.

«Абараніць нашых дзяцей ад рознага кшталту прайдзісьветаў»

Апроч дамафонаў, у праекце закону прапануюць ліцэнзаваць паслугі дадатковай адукацыі, што можа ўскладніць працу рэпэтытараў і недзяржаўных адукацыйных устаноў.

«Галоўнае патрабаваньне ў гэтым пытаньні — абараніць нашых дзяцей ад рознага кшталту прайдзісьветаў, забясьпечыць роўныя ўмовы працы як для дзяржаўных, так і для прыватных суб’ектаў», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, сфэра адукацыі мае дзяржаваўтваральнае значэньне.

«Таму мы будзем яе рэгуляваць з улікам нацыянальных інтарэсаў. Як бы камусьці гэта ні не падабалася», — дадаў ён.

«Умацаваць кадравую рэзэрву дзяржаўных установаў аховы здароўя»

І нарэшце, у праекце закону прапанавалі ўзмацніць патрабаваньні да мэдыкаў у прыватных цэнтрах: павялічыць абавязковы стаж працы на дзяржаву з 3 да 7 гадоў, зрабіць абавязковай як мінімум 1-ю кваліфікацыйную катэгорыю, у тым ліку для мэдычных работнікаў сярэдняга зьвяна.

Лукашэнка наконт гэтых зьменаў выказаўся няпэўна. Найбольш яго турбуе, каб дзяржаўная мэдыцына ня стала трамплінам для прыватных устаноў.

«Як прапанаваныя захады дазволяць умацаваць кадравую рэзэрву дзяржаўных установаў аховы здароўя? — спытаўся Лукашэнка. — І ўвогуле нам трэба паглядзець на дзяржаўную і прыватную ахову здароўя. Мы заўсёды гаворым: „Вось, давайце роўныя ўмовы і гэтак далей“. А ці роўныя ўмовы? Напэўна, і тут нешта ўпіраецца ў цэнаўтварэньне, у цану», — зазначыў ён.

«У пытаньні ліцэнзаваньня адукацыі трэба паставіць кропку», — заявіў Лукашэнка на нарадзе.

Чаму гэта важна

У Беларусі ў 2021 годзе завяршылі стварэньне Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, якая аб’яднала дзясяткі тысяч камэраў па ўсёй краіне. Сыстэма мае функцыю відэаналітыкі.

Пасьля перадачы дамафонаў пад крыло МУС пільнаваць за чалавекам можна будзе да самага пад’езду.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG