Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні Наста Кухта і Ірына Такарчук выйшлі на волю

Жаночая турма ў Беларусі. Архіўнае фота
Жаночая турма ў Беларусі. Архіўнае фота

Жанчыны адбылі свае тэрміны зьняволеньня.

Палітзьняволеныя Наста Кухта і Ірына Такарчук 10 верасьня выйшлі на волю пасьля заканчэньня тэрмінаў зьняволеньня, паведаміла «Вясна».

Хто такая Наста Кухта

Анастасія Кухта — сацыяльная актывістка з Менску. Як затрымалі 17 лютага 2022 году, піша «Вясна».

Спачатку ёй прысудзілі адміністрацыйны арышт, але пасьля яго на волю Анастасія не выйшла. Яе затрымалі ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Пасьля ёй таксама выставілі абвінавачваньні паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня або ўдзел у ім).

З 12 сакавіка 2022 году ўтрымлівалася ў СІЗА-1 Менска.

Менскі гарадзкі суд 11 лістапада 2022 году асудзіў на пяці год зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У сьнежні 2022 году яе ўключылі ў «сьпіс тэрарыстаў», а ў сакавіку 2023 г. МУС — у «сьпіс экстрэмістаў».

31 траўня 2023 году ў яе памерла маці, але на пахаваньне яе не адпусьцілі.

Хто такая Ірына Такарчук

Ірына Такарчук — маці былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук. Была затрыманая 23 студзеня 2024 году, падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязьняў, паведаміла «Вясна».

Першапачаткова Ірыну затрымалі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні) — па гэтай справе яе дачка Вольга і муж выклікаліся на допыты ў якасьці сьведак. Толькі 25 студзеня яны даведаліся, што абвінавачаньні прад’яўленыя паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасці).

У Менскім гарадскім судзе 14 жніўня 2024 году ёй вынесьлі прысуд — тры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

1 лістапада 2024 года яе ўнесьлі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія нібыта маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці.

Адбывала тэрмін у ПК № 4.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG