Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскім паўмаратоне памёр удзельнік. Што вядома?

Мэдаль Менскага паўмаратону, архіўнае фота
Мэдаль Менскага паўмаратону, архіўнае фота

Сёлетняе спартовае мерапрыемства замест усеагульнага сьвята прынесла сьмерць.

6 верасьня ў Менску адбыўся паўмаратон, у якім узялі ўдзел больш за 25 тысяч чалавек з 41 краіны сьвету. Шэраг удзельнікаў даведаўся пра надзвычайнае здарэньне толькі пасьля фінішу, а грамадзкасьць наагул толькі ўвечары, бо афіцыцыйныя камэнтары доўга адсутнічалі.

Увечары 6 верасьня ў Threads пачалі публікаваць допісы пра спробы рэанімацыі аднаго зь бегуноў. Падзея пачала абрастаць камэнтарамі і іншымі сьведчаньнямі ад людзей, якія сьцьвярджалі, што таксама бачылі ўдзельніка, які ўпаў у час забегу. Пісалі, што адзін зь бегуноў страціў прытомнасьць. На дапамогу мужчыну кінуліся іншыя бегуны, сярод якіх былі і лекары.

У пацярпелага перастаў прамацвацца пульс, пасьля чаго ўдзельнікі пачалі праводзіць рэанімацыю. Неўзабаве пульс удалося аднавіць, а мужчыну перадалі мэдыкам. Аднак выратаваць яго не ўдалося.

Сьледчы камітэт пацьвердзіў сьмерць удзельніка празь дзень пасьля здарэньня, гэта адбылося ўжо за розгаласам у сеціве. Па факце сьмерці праводзяць праверку.

Хто памёр?

Памёр 50-гадовы Аляксей Дашыневіч. Пэўны час імя ўдзельніка не было вядомае праз маўчаньне арганізатараў, але аналіз стартавых нумароў дазволіў журналістам высьветліць імя.

Паводле стартавага нумару 2292, мужчына ўдзельнічаў у паўмаратоне на дыстанцыі 21 097 м. Паводле фінішнага пратаколу, ён сышоў з трасы паміж адзнакамі 12,1 і 14,6 км, што прыкладна адпавядае раёну Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

Дашыневіч зваліўся на зямлю пасьля 1 гадзіны 7 хвілін і 28 сэкундаў на дыстанцыі.

Адна з удзельніц забегу расказала, што Дашыневіч упаў проста побач з ёй: «Ён бег крыху наперадзе мяне, справа. Я павярнула галаву — ён ужо ляжаў. Гэта было каля пункту з вадой», — напісала яна.

Дашыневіч нарадзіўся ў Арэнбурскай вобласьці Расеі. 28 лютага яму споўнілася 50 гадоў. Ён працаваў галоўным інжынэрам ТАА «Армад», а таксама дырэктарам ЖЭС-119 у Менску. Паводле слоў знаёмых, мужчына вёў здаровы лад жыцьця, не курыў і ня піў, рэгулярна займаўся спортам. Паўмаратон у Менску ня быў яго першым забегам, хоць прафэсійным спартоўцам ён ня быў. Дашыневіч быў жанаты. Сёлета яны з жонкай адзначылі 30-годзьдзе супольнага жыцьця. У сям’і засталіся двое дзяцей, даведалася «Трыбуна».

Жонка Аляксея даведалася жудасную навіну толькі тады, калі пасьля шматгадзінных беспасьпяховых пошукаў мужа зьвярнулася ў міліцыю, піша «Наша ніва».

Ёсьць і яшчэ адна дэталь зь біяграфіі Дашыневіча. Паводле інфармацыі «Эўрарадыё», у час пратэстаў 2020 году ён тэлефанаваў у міліцыю і скардзіўся на белую расьцяжку з чорным надпісам «Выганіце Расею». Яе пратэстоўцы павесілі на мосьце церазь Менскую кальцавую дарогу з боку раёну Шабаны.

Традыцыя паўмаратонаў і іншыя выпадкі

Паўмаратон — забег на адлегласьць, роўную палове стандартнага маратонскага бегу (42 195 м). Паўмаратоны адбываюцца па ўсёй плянэце і прыцягваюць да ўдзелу тысячы спартоўцаў, як прафэсіяналаў, якія змагаюцца за галоўну ўзнагароду, так і аматараў, многія зь якіх хочуць праверыць свае сілы або далучыцца да спартовага сьвята.

Менскі паўмаратон праводзяць з 2015 году.

Сьмерць Аляксея Дашыневіча ня першая падобная ў гісторыі Беларусі. У 2019 годзе на экамаратоне ў Гомлі памёр 43‑гадовы піяніст і адзін з заснавальнікаў футбольнага клюбу «Крумкачы» Юры Бліноў. Ён шмат разоў бегаў вялікія дыстанцыі, але ў той дзень ня змог дабегчы да фінішу лічаных мэтраў і памёр.

Найбольш маштабная трагедыя ў час падобных забегаў адбылася ў Бостане ў 2013-м годзе. У час Бостанскага маратону 15 красавіка ад выбуху загінулі тры чалавекі, а 264 былі параненыя. Выбухоўку каля фінішнай рысы заклалі два браты-ісламісты.

Калі браць праблемы са здароўем, а не тэрарыстычныя акты, дык выпадкі спыненьня сэрца і тэрміновай рэанімацыі ўдзельнікаў адбываюцца часта. Таксама бегуны атрымліваюць сонечныя ўдары. Найчасьцей усё завяршаецца шпіталізацыяй, але здараюцца й сьмяротныя выпадкі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG