Беларуская журналістка Іна Кардаш, затрыманая ў Кіеве сёлета ў студзені паводле падазрэньня ў шпіянажы, будзе заставацца ў сьледчым ізалятары сама меней да 11 кастрычніка.
Такое рашэньне ўхваліў Пячэрскі раённы суд Кіева, у які перадалі яе справу пасьля таго, як два іншыя кіеўскія суды — Падольскі і Шаўчэнкаўскі — не змаглі прызначыць судзьдзю для разгляду яе справы. Празь вялікую колькасьць матэрыялаў, пазначаных грыфам «таемна» і не рассакрэчаных у вызначаным заканадаўствам парадку, справу Іны Кардаш можа разглядаць толькі судзьдзя, які мае доступ да сакрэтнай інфармацыі.
Якая прадугледжана працэдура
Першае пасяджэньне прызначылі на 21 верасьня. На ім, як чакаецца, будуць разглядаць абвінаваўчы акт — яго перадалі ў суд у канцы чэрвеня. Прызнаньне акту абгрунтаваным і адпаведным заканадаўству Ўкраіны адкрые шлях для разгляду справу па сутнасьці.
Згодна з працэдурай, вызначанай Крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны, на папярэднім этапе, то бок у выніку разгляду абвінаваўчага акту, калі ёсьць падставы, судзьдзя можа нават закрыць справу. Калі абвінаваўчы акт будзе адпавядаць законным патрабаваньням, суд павінен прызначыць дату пачатку разгляду.
Кваліфікацыю злачынства, у якім абвінавачваюць Іну Кардаш, не зьмянілі — ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнаю таямніцаю). Ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе.
Пакуль што Іну Кардаш абараняе толькі адна адвакатка — Кацярына Юсупава. Яна, як і сама падазраваная, адмаўляецца ад кантактаў з журналістамі па-за межамі судовых пасяджэньняў. У адкрытых для СМІ судовых пасяджэньнях беларуска ўдзельнічала па відэасувязі. Абедзьве кожны раз пры разглядзе хадайніцтва сьледзтва аб працягу трыманьня пад вартай заяўлялі аб неабгрунтаванасьці падазрэньня і адсутнасьці рызыкаў ухіляцца ад сьледзтва.
Што вядома пра судзьдзю ў справе Кардаш
Першае пасяджэньне правядзе судзьдзя Алег Салаўёў. У Пячэрскім раённым судзе Кіева, дзе разглядаюцца гучныя палітычныя справы, ён працуе з 2025 году. Да гэтага ён працаваў у Дзясьнянскім раённым судзе Кіева, а перад ім — у Кастрычніцкім раённым судзе Марыюпалю. Пасьля акупацыі горада расейскімі войскамі яго камандзіравалі ў Кіеў.
За невялікі пэрыяд працы ў судах Кіева ён пасьпеў апынуцца ў цэнтры некалькіх скандалаў, зьвязаных з справамі, якія ён разглядаў.
Сярод найбольш гучных — справа супраць народнага дэпутата Фёдара Хрысьценкі (ён прадстаўляў фракцыю адной з партый, што стала пераемніцай Партыі рэгіёнаў. — РС) паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе. Яго абвінавацілі ў тым, што ён быў агентам ФСБ Расеі і ствараў мэханізмы ўплыву на кіраўніцтва праваахоўных органаў.
Справу цалкам засакрэцілі, а пазьней яе матэрыялы нібыта забрала Служба бясьпекі Ўкраіны «ў межах захадаў бясьпекі». Паводле грамадзкай арганізацыі «Цэнтар супрацьдзеяньня карупцыі», Хрысьценку вызвалілі ў абмен на сьведчаньні супраць дэтэктываў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро. У ліпені 2025 году, улады абмежавалі незалежнасьць антыкарупцыйных органаў, што выклікала ў краіне вялікія пратэсты. У выніку ўлады вымушаныя былі адмовіцца ад сваёй ідэі.
Фонд DEJURE, які быў створаны ва Ўкраіне ў 2016 годзе для спрыяньня разьвіцьцю правасудзьдзя, зьвярнуў увагу на тое, што падчас ягонай працы ў Дзясьнянскім раённым судзе Кіева яму выдзелілі жытло ў Пячэрскім раёне.
«У судовай сыстэме ўжо неаднойчы выкарыстоўвалі выдзяленьне службовых кватэр для „падзякі“ за патрэбныя рашэньні», — адзначылі ў фондзе.
Яшчэ адна грамадзкая антыкарупцыйная арганізацыя зьвярталася ў Вышэйшую раду правасудзьдзя з дысцыплінарнай скаргай на Алега Салаўёва за незаконнае ўтрыманьне пад вартай, пагрозу жыцьця праз ігнараваньне стану здароўя падазраванага і адмову ў доступе да матэрыялаў справы. Скаргу афіцыйна зарэгістравалі яшчэ ў жніўні 2025 году, але дагэтуль яе не разгледзелі і ня вынесьлі канчатковага рашэньня.
Што папярэднічала
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
Цяпер Іна Кардаш знаходзіцца ў Кіеўскім СІЗА.
У ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Свабодзе паведамілі, што Кіеў прапаноўваў і Беларусі, і Расеі абмяняць грамадзянку Беларусі Іну Кардаш.
Кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка падкрэсьліў, што ўкраінская дзяржава адкрытая да абмеркаваньня якіх-хаця спосабаў вяртаньня ўкраінскіх грамадзян, пазбаўленых асабістай свабоды, у тым ліку перадачы Расеі і Беларусі іхных грамадзян, якіх ва Ўкраіне абвінавачваюць у шпіянажы або якія ўжо адбываюць пакараньне паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу краіны.
«І расейская ўлада, і ўлада Беларусі паінфармаваныя аб магчымасьці і гатоўнасьці Ўкраіны да такога працэсу. Але не першыя, ні другія не сьпяшаюцца забіраць сваіх «праваленых» агентаў, пра што сьведчыць статыстыка дзяржаўнага праекту «Хачу да сваіх», — адзначыў ён у адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
13 жніўня стала вядома, што Ўкраіна можа абмяняць беларуску Кардаш на ўкраінскіх журналістаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне.
Форум