Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі прэзыдэнта ЗША прыбылі ў Кіеў, вядуць перамовы зь Зяленскім

Уладзімір Зяленскі (зьлева), Стыў Ўіткаф (у цэнтры) і Джарэд Кушнер (справа) у Кіеве 6 верасьня 2026 году
Уладзімір Зяленскі (зьлева), Стыў Ўіткаф (у цэнтры) і Джарэд Кушнер (справа) у Кіеве 6 верасьня 2026 году

Пасланцы прэзыдэнта ЗША Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнер прыбылі ў Кіеў у рамках сустрэч, накіраваных на спыненьне вайны Расеі супраць Украіны.

Відэа сустрэчы пасланцоў ЗША на чыгуначным вакзале апублікаваў кіраўнік Службы зьнешняй разьведкі Ўкраіны Рустэм Умераў.

«Мы вітаем прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа і Джарэда Кушнера ў Кіеве. Мы працягваем цесную каардынацыю далейшых крокаў для спыненьня вайны», — напісаў Умераў у тэлеграме.

Падрабязнасьці візыту пасланцоў Дональда Трампа пакуль невядомыя, але яны праводзяць перамовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, які перад сустрэчай заявіў, што ўкраінскі бок «заўсёды быў і будзе канструктыўным, зацікаўленым у набліжэньні заканчэньня вайны».

5 верасьня Ўіткаф і Кушнер правялі сустрэчы ў Маскве, у тым ліку з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Прэс-сакратар Белага дому, камэнтуючы іх перамовы, заявіў Радыё Свабода, што «бакі абмеркавалі канкрэтныя пляны наступных крокаў, якія будуць абвешчаныя ў найбліжэйшыя тыдні».

Як адзначылі ў Белым доме, пасланцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа «зь нецярпеньнем чакаюць ня менш плённых сустрэч» ва Ўкраіне 6 верасьня.

Юрый Ушакоў, памочнік прэзыдэнта Расеі, які ўдзельнічаў у сустрэчы, назваў перамовы «зьмястоўнымі, вельмі шчырымі і канструктыўнымі». Ён дадаў, што пасланцы выклалі пазыцыю ЗША і паабяцалі данесьці меркаваньне Ўладзіміра Пуціна да ўкраінскага кіраўніцтва падчас перамоваў у Кіеве.

«Яны ня толькі выказалі сваю традыцыйную зацікаўленасьць у хуткім спыненьні баявых дзеяньняў, але і прапанавалі шэраг ідэй адносна магчымых шляхоў разьвязаньня сытуацыі», — сказаў ён.

Ушакоў заявіў, што Расея дасягне сваіх мэтаў і што «першапрычыны» канфлікту павінны быць ліквідаваны — гэты тэрмін Крэмль звычайна выкарыстоўвае для сваіх патрабаваньняў спыніць надзеі Ўкраіны на далучэньне да NATO, абмежаваць колькасьць вайскоўцаў ва Ўзброеных сілах Украіны, а таксама для шэрагу іншых патрабаваньняў, якія Кіеў адхіляе.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заяўляў, што ягоныя пасланцы прадставяць мірнае пагадненьне расейскаму боку, а потым перададуць прапанову Ўкраіне на наступны дзень.

Трамп сказаў, што ў Вашынгтону ёсьць «ідэя міру», і што ягоныя пасланцы «прынясуць з сабой прапанову аб спыненьні вайны».

«Мы адправілі іх туды, каб паглядзець, ці зможам мы нечага дасягнуць, і, магчыма, у нас ёсьць добры шанец гэта зрабіць», — сказаў Трамп журналістам 4 верасьня.

Візыт пасланцоў ЗША ў Кіеў стане іх першай паездкай ва Ўкраіну з таго часу, як яны ўзначалілі намаганьні адміністрацыі ЗША па спыненьні вайны. Візыт у Кіеў Стыва Ўіткафа і Джарэда Кушнера, якія ўжо наведалі Маскву, раней плянаваўся на жнівень, але быў адкладзены праз узмацненьне расейскіх удараў па Ўкраіне.

Дональд Трамп абвясьціў спыненьне вайны Расеі супраць Украіны прыярытэтам, калі ўступіў на пасаду прэзыдэнта ЗША ў студзені 2025 года, але пагадненьне пакуль не дасягнута, і перамовы зайшлі ў тупік на фоне амэрыкана-ізраільскай вайны супраць Ірану.

У пачатку жніўня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у інтэрвію Fox News, што Вашынгтон мае намер актывізаваць намаганьні па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG