Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абмеркавалі канкрэтныя пляны» на наступныя тыдні — Белы дом пра сустрэчу пасланцоў Трампа ў Крамлі

Джарэд Кушнер (зьлева) і Стыў Ўіткаф (другі зьлева) сутракаюцца ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімір Пуціным (крайні справа) 5 верасьня 2026 году
Джарэд Кушнер (зьлева) і Стыў Ўіткаф (другі зьлева) сутракаюцца ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімір Пуціным (крайні справа) 5 верасьня 2026 году

Прэс-сакратар Белага дому, камэнтуючы перамовы пасланцоў прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа і Джарэда Кушнера з расейскім кіраўніцтвам у Крамлі 5 верасьня, заявіў Радыё Свабода, што «бакі абмеркавалі канкрэтныя пляны наступных крокаў, якія будуць абвешчаныя ў найбліжэйшыя тыдні».

Як адзначылі ў Белым доме, пасланцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа «зь нецярпеньнем чакаюць ня менш плённых сустрэч» ва Ўкраіне 6 верасьня.

Юрый Ушакоў, памочнік прэзыдэнта Расеі, які ўдзельнічаў у сустрэчы, назваў перамовы «зьмястоўнымі, вельмі шчырымі і канструктыўнымі». Ён дадаў, што пасланцы выклалі пазыцыю ЗША і паабяцалі данесьці меркаваньне Ўладзіміра Пуціна да ўкраінскага кіраўніцтва падчас перамоваў у Кіеве.

«Яны ня толькі выказалі сваю традыцыйную зацікаўленасьць у хуткім спыненьні баявых дзеяньняў, але і прапанавалі шэраг ідэй адносна магчымых шляхоў разьвязаньня сытуацыі», — сказаў ён.

Ушакоў заявіў, што Расея дасягне сваіх мэтаў і што «першапрычыны» канфлікту павінны быць ліквідаваны — гэты тэрмін Крэмль звычайна выкарыстоўвае для сваіх патрабаваньняў спыніць надзеі Ўкраіны на далучэньне да NATO, абмежаваць колькасьць вайскоўцаў ва Ўзброеных сілах Украіны, а таксама для шэрагу іншых патрабаваньняў, якія Кіеў адхіляе.

5 верасьня Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнер правялі сустрэчы ў Маскве, у тым ліку з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць магчымасьці спыніць вайну Расеі супраць Украіны.

Паводле расейскіх дзяржаўных СМІ, перамовы паміж прадстаўнікамі ЗША і Пуціным працягваліся каля трох гадзін. Ўіткаф і Кушнер пакінулі Крэмль каля 23:00 паводле маскоўскага часу. Неўзабаве пасьля поўначы расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС паведаміла, што амэрыканцы пакінулі Маскву.

6 верасьня яны маюць правесьці сустрэчы ў Кіеве.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заяўляў, што ягоныя пасланцы прадставяць мірнае пагадненьне расейскаму боку, а потым перададуць прапанову Ўкраіне на наступны дзень.

Трамп сказаў, што ў Вашынгтону ёсьць «ідэя міру», і што ягоныя пасланцы «прынясуць з сабой прапанову аб спыненьні вайны».

«Мы адправілі іх туды, каб паглядзець, ці зможам мы нечага дасягнуць, і, магчыма, у нас ёсьць добры шанец гэта зрабіць», — сказаў Трамп журналістам 4 верасьня.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 5 верасьня заявіў, што размаўляў з прадстаўнікамі ЗША, не раскрываючы падрабязнасьцяў размовы, але адзначыў, што плян дыпляматычных мерапрыемстваў на 6 верасьня ў Кіеве з удзелам амэрыканскай каманды быў зацьверджаны, і выказаў гатоўнасьць да «зьмястоўнай размовы».

Візыт пасланцоў ЗША ў Кіеў стане іх першай паездкай ва Ўкраіну з таго часу, як яны ўзначалілі намаганьні адміністрацыі ЗША па спыненьні вайны. Візыт у Кіеў Стыва Ўіткафа і Джарэда Кушнера, якія ўжо наведалі Маскву, раней плянаваўся на жнівень, але быў адкладзены праз узмацненьне расейскіх удараў па Ўкраіне.

Дональд Трамп абвясьціў спыненьне вайны Расеі супраць Украіны прыярытэтам, калі ўступіў на пасаду прэзыдэнта ЗША ў студзені 2025 года, але пагадненьне пакуль не дасягнута, і перамовы зайшлі ў тупік на фоне амэрыкана-ізраільскай вайны супраць Ірану.

У пачатку жніўня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у інтэрвію Fox News, што Вашынгтон мае намер актывізаваць намаганьні па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG