Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адкрылі дзьве беларускамоўныя першыя клясы. У іх вучацца 16 дзяцей

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У новым навучальным годзе ў горадзе ўдалося стварыць беларускія клясы.

У школе № 34 у такую клясу пайшлі пяць дзяцей, у школе № 32 — 11. Агулам па-беларуску будуць вучыцца 16 горадзенскіх першаклясьнікаў, што складае толькі 0,18% ад іх агульнай лічбы.

Беларускамоўную першую клясу зь пяці вучняў адкрылі ў сярэдняй школе № 34 у Кастрычніцкім раёне Горадні. Пра гэта паведаміла «Гродзенская праўда».

Паводле выданьня, бацькі яшчэ могуць падаць заяву, каб іх дзіця далучылася да клясы.

Яшчэ адна кляса зь беларускай мовай навучаньня ўтварылася ў сярэдняй школе № 32 ў Ленінскім раёне. У ёй будуць займацца 11 дзяцей.

У абедзвюх школах беларускія клясы адкрывалі і раней. Напрыклад, у 2025/2026 навучальным годзе школу № 34 скончылі восем дзевяціклясьнікаў, якія вучыліся па-беларуску.

Усе асноўныя прадметы — па-беларуску

У школе № 34 усе асноўныя прадметы, асабліва ў пачатковых клясах, будуць весьці на беларускай мове. Вучняў цалкам забясьпечылі патрэбнымі для такога выкладаньня падручнікамі і дапаможнікамі.

Для некаторых заняткаў невялікую беларускую клясу могуць аб’ядноўваць з паралельнымі клясамі, расейскамоўнымі. Напрыклад, гэта датычыцца фізычнай культуры, для якой патрэбная большая група дзяцей.

Адміністрацыя школы сьцьвярджае, што ўва ўстанове ёсьць пэдагогі, якія могуць выкладаць усе прадметы па-беларуску. Першую клясу будзе весьці настаўніца Алена Серак, якая мае такі досьвед.

Беларускія клясы скарачаюцца

«Гарадзенская праваабарона» зьвярнула ўвагу н тое, што ў горадзе з насельніцтвам 363 тысячы чалавек у беларускамоўныя першыя клясы пайшлі толькі 16 дзяцей.

Агулам у першыя клясы школаў Горадні сёлета пайшлі больш за 9 тысяч дзяцей. Калі зыходзіць з гэтай лічбы, навучацца па-беларуску будзе менш за 0,18% першаклясьнікаў — прыкладна двое з кожнай тысячы.

Праваабаронцы таксама параўналі такое становішча з 1994 годам. На той момант у Горадні былі 30 школаў, а беларускія клясы працавалі прыкладна ў палове зь іх.

Што з навучаньнем па-беларуску агулам у Беларусі?

У беларускамоўных школах у 2025 годзе вучыліся каля 10 працэнтаў дзяцей (крыху больш за 100 тысяч).

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG