Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскаму трактарнаму і Маладэчанскаму заводу мэталаканструкцый далі перавагу ў некаторых пастаўках

Мост у Воршы перад рамонтам, архіўнае фота
Мост у Воршы перад рамонтам, архіўнае фота

Пры гэтым ім абмежавалі жаданую рэнтабэльнасьць. Гэта вынікае з пастановы ўраду.

Маладэчанскі завод мэталаканструкцый стане эксклюзіўным пастаўніком профільнай прадукцыі ў межах рамонту і будаўніцтва шэрагу мастоў і дарог, вынікае з пастановы Савету міністраў № 451 ад 4 верасьня.

Згодна з дакумэнтам, апублікаваным 5 верасьня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, генэральнай падраднай арганізацыі дазволена набыць мэталаканструкцыі ў гэтага завода за кошт уласных сродкаў на падставе працэдуры закупкі з адной крыніцы.

Прадукцыя прызначаецца для аб’ектаў «Мост цераз р. Віхра на аўтамабільнай дарозе Р-73 Чавусы — Амсьціслаў — мяжа РФ (Каськова), км 58,944», «Капітальны рамонт моста цераз р. Дняпро на км 159,281 аўтамабільнай дарогі М-8/Е95 мяжа РФ (Езярышча) — Віцебск — Гомель — мяжа Ўкраіны (Новая Гута)», «Мост цераз р. Нёман на км 3,497 аўтамабільнай дарогі Р-41/П1 пад’езд да аг. Лунна ад аўтамабільнай дарогі Р-41», «Усходні абход г. Гомля. Магістральная вуліца з мостам цераз р. Сож ад вул. Мазурава да вул. Добруская», «Узьвядзеньне аўтамабільнага моста цераз р. Прыпяць на тэрыторыі Лунінецкага і Столінскага раёнаў».

Пры гэтым пастаўнік ня можа закласьці рэнтабэльнасьць прадукцыі вышэй за 10%, даведалася агенцтва «Позірк».

4 верасьня ўрад таксама прыняў пастанову № 449, згодна зь якой Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, рыхтуючыся да «ўшанаваньня перадавікоў аграпрамысловага комплексу» ў 2026 годзе, можа бяз конкурсу закупіць у Менскага трактарнага заводу трактары «Беларус-1221.3», а ў РУП «Выдавецтва „Беларускі Дом друку“» — паслугі па друку падарункавых сэртыфікатаў (на трактары, а таксама на суму 900 тыс. рублёў).

Што гэта значыць?

Пастанова можа значыць чарговы этап падтрымкі дзяржаўных прадпрыемстваў уладамі. У выпадку тэндэраў, маладэчанскі і менскі заводы маглі б не атрымаць права пастаўляць свае канструкцыі і тэхніку на рамонты і міністэрству, але ўрад увёў іх у сьпіс прадпрыемстваў, якія будуць мець перавагу без альтэрнатывы.

Падобная падтрымка дзяржавай «сацыяльна важных» прадпрыемстваў працягваецца ўжо шмат гадоў. Напрыклад, дзяржава аплачвае адсоткі па крэдытах кампаніі «ДорОрс», субсыдуе шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, напрыклад, Аршанскі лёнакамбінат, «Гомельшкло», «Беларускі цэмэнтны завод» і шэраг іншых.

Дзяржаўная падтрымка часам дапамагае прадпрыемствам не пачаць або адтэрмінаваць скарачэньні работнікаў. Але найчасьцей яны застаюцца ў пазыковай яміне, і пасьля чарговай выплаты дзяржавай сваіх пазыкаў набіраюць новыя, не выходзячы на акупляльнасьць.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG