Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэя Пачобута ўрачыста аб’явілі ганаровым грамадзянінам польскага гораду Аполе

Анджэй Пачобут з прэзыдэнтам Аполя Аркадыюшам Вісьнеўскім і старшынёй гарадзкой рады Барбарай Каміньскай, 4 верасьня 2026 году
Анджэй Пачобут з прэзыдэнтам Аполя Аркадыюшам Вісьнеўскім і старшынёй гарадзкой рады Барбарай Каміньскай, 4 верасьня 2026 году

4 верасьня жураналіста і былога палітвязьня Анджэя Пачобута ўрачыста аб’явілі ганаровым грамадзянінам Аполя на ўрачыстай сэсіі гарадзкой рады.

Званьне стала знакам прызнаньня ягонай шматгадовай дзейнасьці на карысьць свабоды слова, правоў чалавека і абароны польскай ідэнтычнасьці, гаворыцца на афіцыйным сайце Аполя.

Такое рашэньне аднагалосна ўхваліла гарадзкая рада сёлета 2 ліпеня.

Аполе — старажытны горад на паўднёвым захадзе Польшчы, у якім жыве каля 125 тысяч чалавек.

Анджэй Пачобут на ўрачыстай цырымоніі ў Аполі, 4 верасьня 2026
Анджэй Пачобут на ўрачыстай цырымоніі ў Аполі, 4 верасьня 2026

Анджэй Пачобут — ганаровы грамадзянін трох польскіх гарадоў

31 ліпеня Пачобуту асабіста ўручылі знакі ганаровага грамадзяніна Варшавы.

А 6 верасьня падобная цырымонія чакаецца ў Сопаце.

Пры гэтым жыць Анджэй Пачобут зьбіраецца ў Горадні, а ў Беластоку арандаваць кватэру для дзяцей.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
  • 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG