Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены беларускі журналіст Андрэй Аляксандраў стаў ляўрэатам прэміі Free Media Awards

Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота
Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота

Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году, за кратамі ён больш за 5 гадоў.

Беларускі журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, які застаецца ў зьняволеньні ў Беларусі, стаў адным з ляўрэатаў прэміі Free Media Awards 2026.

Узнагарода прысуджаная яму «за мужнасьць і прыхільнасьць справе абароны свабоды прэсы і свабоды слова ва ўмовах усё больш рэпрэсіўнага рэжыму»:

«Дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве „БелаПАН“ і Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) ён спрыяў умацаваньню прафэсійных стандартаў журналістыкі, падтрымцы незалежных СМІ і стварэньню міжнародных сетак журналістаў і праваабаронцаў. Андрэй Аляксандраў быў арыштаваны за сваю дзейнасьць у 2021 годзе. У 2022 годзе яго пакаралі на 14 гадоў пазбаўленьня волі па сфабрыкаваных абвінавачаньнях. Ён прызнаны палітычным зьняволеным», — гаворыцца на сайце Fritt Ord.

У ліку іншых ляўрэатаў гэтага году журналіст сайта «Українська правда» Міхаіл Ткач, грузінскае выданьне iFact, армянскі Factor TV і расейскае выданьне «Верстка».

Цырымонія ўручэньня прэміі Free Media Awards адбудзецца ў Музэі Мунка ў Осла 29 верасьня 2026 году.

Прэмію прысуджаюць нарвэскі The Fritt Ord Foundation і нямецкі ZEIT-Stiftung Bucerius журналістам Усходняй Эўропы. Яна ўручаецца незалежным СМІ і журналістам Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Перасьлед Андрэя Аляксандрава

Андрэй Аляксандраў — журналіст і мэдыямэнэджар, працаваў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году, за кратамі ён больш за 5 гадоў.

Яго асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу ўключна з ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і ч. 1 арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).

У верасьні 2022 году ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага Андрэй Аляксандраў ажаніўся з Ірынай Злобінай, таксама палітзьняволенай. Яны раней жылі разам і разам былі арыштаваныя. Ірыну Злобіну асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі.

З канца студзеня 2023 году журналіст адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG