У Нэпале ратаўнікі знайшлі жывымі дваіх работнікаў ГЭС, якія дзевяць дзён правялі ў тунэлі пасьля разбуральнай паводкі і апоўзьню. Мужчынаў даставілі ў шпіталь, ратавальная апэрацыя працягваецца: у тунэлі былі чуваць галасы іншых людзей, інфармуе CNN.
30-гадовага Санджая Сага і 45-гадовага Кабіра Магарджана дасталі з тунэлю гідраэлектрастанцыі Верхняя Трышулі 3A у пятніцу, 4 верасьня. Абодва знаходзіліся пад зямлёй з 26 жніўня.
Пасьля выратаваньня іх на верталёце даставілі ў вайсковы шпіталь у Катманду. Паводле офісу прэм’ер-міністра Нэпалу, стан Сага стабільны, Магарджан у цяжкім стане.
Саг расказаў, што ў момант катастрофы ў яго частцы тунэлю былі каля 40-45 чалавек. Паводле яго, спачатку ён дапамагаў іншым выбрацца і таму сам не пасьпеў эвакуавацца.
«Гэта быў мой абавязак — выратаваць усіх», — сказаў ён.
Уваход у тунэль быў цалкам завалены апоўзьнем. Яго ўдалося адшукаць толькі празь пяць дзён пасьля катастрофы, пасьля чаго ратаўнікі паступова расчышчалі шлях. Буйныя абломкі скал даводзілася ўзрываць, а бліжэй да месца, дзе маглі знаходзіцца тыя, хто выжыў, работы працягнулі ўручную.
Пасьля выратаваньня дваіх мужчын зьявілася надзея, што ў праходзе застаюцца іншыя жывыя людзі. Саг выказаў здагадку, што ня ўсім удалося выбрацца: паводле яго, тунэль вельмі доўгі.
Што адбылося?
Катастрофа адбылася 26 жніўня недалёка ад мяжы Нэпалу і Кітаю.
Прычынай паводкі стаўся апоўзень, які перагарадзіў раку. Вада выйшла зь берагоў і, зьмяшаўшыся зь зямлёй і каменьнем, затапіла прыбярэжныя раёны.
Сярод зьніклых у Нэпале людзей ёсьць і беларуска. Яе дагэтуль не знайшлі.
Паводле апошніх зьвестак, у Нэпале загінулі больш за 1290 чалавек, у Кітаі — 21. Каля 5500 чалавек у дзьвюх краінах прапалі бязь вестак. У Нэпале сярод зьніклых — больш за 900 работнікаў гідраэнэргетычных аб’ектаў.
Форум