2 верасьня парлямэнт Эстоніі выбраў канстытуцыйную юрыстку Юльле Мадысэ прэзыдэнткай краіны, піша Reuters.
У Эстоніі прэзыдэнт — гэта пераважна цырыманіяльная пасада, асноўную ролю ў вызначэньніпалітыкі дзяржавы тут належыць парлямэнту — Riigikogu, што перакладаецца з эстонскай як «Дзяржаўны сход».
51-гадовая Мадысэ — амбудсмэн у правах чалавека Эстоніі з 2015 году. Яна будзе займаць пасаду прэзыдэнткі на працягу наступных пяці гадоў.
Эстонія — адна з самых рашучых прыхільніц Украіны і крытыкаў Масквы сярод удзельнікаў NATO і Эўрапейскага зьвязу. Яна стала адной з галоўных у пытаньні вайсковых выдатках у абодвух альянсах, выдаткаваўшы сёлета 5,4% валавога ўнутранага прадукту на абарону. Мадысэ таксама бачыць у палітыцы Масквы пагрозу і засьцерагае суайчыньнікаў і Паўночнаатлянтычны альянс ад пагрозы разрастаньня вайны ў выніку дзеяньняў Расеі.
Мадысэ балятавалася без канкурэнцыі пасьля таго, як ні адзін з іншых палітыкаў не атрымаў дастатковай парлямэнцкай падтрымкі для рэгістрацыі.
Яна зьмяніла на пасадзе Алара Карыса, які ня выставіў сваёй кандыдатуры на другі тэрмін. Юльле Мадысэ — другая ў гісторыі незалежнай Эстоніі жанчына на прэзыдэнцкай пасадзе. Першай была Керсьці Кальюлайд, якая займала гэтую пасаду з 2016 па 2021 гады.
Папярэдні прэзыдэнт і Беларусь
У час Алара Карыса на пасадзе Эстонія падтрымлівала беларускую дэмакратычную супольнасьць. Сярод іншага, Карыс сустракаўся зь Сьвятланай Ціханоўскай, яна прыяжджала ў Талін.
У ліпені 2024 году Карыс узяў удзел у адзначэньні дня каранацыі Міндоўга. У час выступу на цырымоніі эстонскі прэзыдэнт выказаў спадзеў, што і ў Беларусі ў хуткім часе загучыць менавіта нацыянальны гімн. У той цырымоніі ўзялі ўдзел і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вільні з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Форум