Міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтральных банкаў краін G20 сабраліся ў Эшвіле, ЗША. 31 жніўня 2026 году
Прадстаўнік Расеі Сілуанаў прыбыў у ЗША на форум у рамках G20 («Групы дваццаці») упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
Кіраўнік Міністэрства фінансаў Расеі Антон Сілуанаў прыбыў на саміт G20 і сустрэўся з міністрам фінансаў ЗША Скотам Бэсэнтам. Сустрэча адбылася на форуме G20 у Эшвіле, паведамляюць амэрыканскія мэдыя.
Як піша журналіст Fox Business, на сустрэчы Бэсэнт прасоўваў мірны плян прэзыдэнта Дональда Трампа для Ўкраіны з 28 пунктаў.
«Бэсэнт зноў акцэнтуе ўвагу на мірным пляне прэзыдэнта Трампа для Ўкраіны, яны таксама абмяркоўваюць эканамічны рост. Гэта адбываецца, калі Крэмль прымяншае значэньне перамоваў з Украінай», — паведаміў тэлеканал NBC.
Прадстаўнік амэрыканскага Міністэрства фінансаў пацьвердзіў тэлеканалу CNBC, што Бэсэнт і Сілуанаў абмяркоўвалі менавіта прэзыдэнцкі мірны плян.
Кіраўнік Міністэрства фінансаў Расеі Антон Сілуанаў на саміце ў рамках G20
Удзел Сілуанава ў саміце адразу ж выклікаў пратэст службоўцаў Эўразьвязу, піша The New York Times. Паводле зьвестак выданьня, віцэ-канцлер Нямеччыны Лярс Клінгбайль разам з калегамі зь іншых краін ЭЗ пагражалі байкатаваць традыцыйнае агульнае фота міністраў, калі ў кадры апынецца расейскі прадстаўнік. Мяркуючы з выніку, пагроза падзейнічала: ад удзелу ў фотасэсіі ўрэшце адмовіўся сам Сілуанаў, адзначае NYT.
Для расейскага міністра ўдзел у цяперашнім саміце — першы з 2022 году. Пра свой візыт у Эшвіл ён загадзя не аб’яўляў. Заходнія партнэры і раней падкрэсьлена ігнаравалі прадстаўніка Расеі на такіх форумах. Так, у 2022 годзе тагачасная кіраўніца Міністэрства фінансаў ЗША Джанэт Елен выйшла з залі сустрэчы G20 у рамках вясновай сэсіі МВФ, як толькі слова ўзяў Сілуанаў, які ўдзельнічаў празь відэасувязь. Праз год, ужо на саміце G20 у Індыі, яна наўпрост усклала на расейскіх фінансавых чыноўнікаў адказнасьць за ахвяры вайны ва Ўкраіне і шкоду для ўсясьветнай эканомікі.
Мірны плян Трампа
Мірны плян Дональда Трампа для Ўкраіне — комплексная ініцыятыва адміністрацыі ЗША, накіраваная на замарожваньне і спыненьне вайны, якую вядзе Расея супраць Украіны.
Плян распрацаваў спэцыяльны пасланьнік Трампа Стыў Уіткаф пры ўдзеле дзяржаўнага сакратара Марка Рубіё. Пачатковая вэрсія дакумэнту складалася з 28 пунктаў, яе прэзэнтавалі бакам у канцы 2025 году.
Сёньня рамкі пляну застаюцца прадметам жорсткіх дыпляматычных дыскусіяў і зьменаў, бо Кіеў і яго эўрапейскія хаўрусьнікі патрабуюць перагледзець шэраг пунктаў.
Расея фактычна ігнаруе міжнародныя заклікі замарозіць баявыя дзеяньні, спыніць вайну і пачаць перамовы. У Кіеве зазначаюць, што гатовыя да гэтага.
Форум