Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны пра «экстрэмісцкі» статус старонкі ў сацыяльнай сетцы свайго дыплямата: «Рэжым Лукашэнкі баіцца ўласнага ценю»

Сьпікер МЗС Украіны Георгі Ціхі. Архіўнае фота
Сьпікер МЗС Украіны Георгі Ціхі. Архіўнае фота

З заявай выступіў прэс-сакратар МЗС Украіны Георгі Ціхі.

Улады Беларусі абвясьцілі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інстаграм-акаўнт пасла МЗС Украіны ў асаблівых даручэньнях Яраслава Чарнагора (адказвае за сувязі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі). Гэта асудзіў прэс-сакратар МЗС Украіны Георгі Ціхі, піша «Позірк».

«Рэжым Лукашэнкі баіцца ўласнага ценю», — напісаў прадстаўнік украінскага замежнапалітычнага ведамства ў сацыяльнай сетцы Х.

Гэта, нагадаў Ціхі, адбылося пасьля аналягічных дзеяньняў супраць праекту EUvsDisinfo, які падтрымліваюць праграмы Эўразьвязу SALT і «Адукацыя для беларусаў», а таксама Цэнтральнага агенцтва кіраваньня праектамі Літвы, пра што паведамлялі напярэдадні.

«Менск кіруецца маскоўскім сцэнаром, каб душыць іншадумства і сеяць страх сярод уласнага насельніцтва, — дадаў прадстаўнік Кіева. — Мы далучаемся да ЭЗ, патрабуючы неадкладна скасаваць гэтыя рашэньні, забясьпечыць беларусам свабодны доступ да інфармацыі і спыніць рэпрэсіі. Мы заклікаем узмацніць ціск на абодва рэжымы, якія працягваюць пагражаць эўрапейскай бясьпецы».

Акаўнт з назвай iaroslav_chornogor у сацыяльнай сетцы Instagram папоўніў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле рашэньня суду Горацкага раёну (Магілёўская вобласьць) ад 25 жніўня.

Сам Чарнагор думае, што гэтае рашэньне выклікана яго нядаўняй публікацыяй «аб незалежнасьці Ўкраіны і праве беларускага народу вызначаць будучыню сваёй краіны» (камэнтар распаўсюджаны ў X).

Рэакцыя ў Эўразьвязе

Эўразьвяз таксама асудзіў наданьне ў Беларусі «экстрэмісцкага» статусу праектам, празь якія ён падтрымлівае беларусаў замежжа.

Ідзецца пра вэб-сайты і старонкі ў сацыяльных сетках праекту EUvsDisinfo Цэнтральнага агенцтва кіраваньня праектамі Літвы (CPVA), падтрыманыя праграмамі Эўразьвязу SALT і Education for Belarusians («Адукацыя для беларусаў»).

Рашэньне Менску названа «яшчэ адным прыкладам сыстэматычных захадаў рэжыму дзеля абмежаваньня крытычнага мысленьня і асноўных свабодаў ды звужэньня грамадзянскай прасторы».

Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў заклікала ўлады Беларусі «неадкладна скасаваць гэтае рашэньне і спыніць рэпрэсіі супраць народу».

Унясеньне пералічаных вышэй рэсурсаў у сьпіс «экстрэмісцкіх» таксама «рашуча асудзіў» МЗС Літвы:

«Літва сумесна з ЭЗ працягне падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, грамадзянскую супольнасьць, студэнтаў, акадэмічную супольнасьць і грамадзянскія ініцыятывы», — сказана ў заяве.

«Экстрэмісцкі» статус рэсурсы атрымалі ў ліпені і пачатку жніўня. У адпаведным пераліку фігуруюць рашэньні суду Ленінскага раёну Магілёва.

«Экстрэмісцкімі» у Беларусі прызналі рэсурсы, вельмі важныя для беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая працягвае змаганьне за вяртаньне дэмакратыі ў Беларусі.

Таксама праз гэтыя рэсурсы істотную падтрымку Эўразьвязу атрымліваюць студэнты, акадэмічная супольнасьць і беларускія грамадзянскія ініцыятывы ў Літве.

Праграмы для Беларусі адмініструе Цэнтральнае агенцтва кіраваньня праектамі Літвы (CPVA).

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG