Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз аб прызнаньні «экстрэмісцкімі» сваіх ініцыятываў падтрымкі Беларусі: чарговая спроба абмежаваць свабоды

Эўракамісія. Ілюстрацыйнае фота
Эўракамісія. Ілюстрацыйнае фота

У Эўрапейскім Зьвязе адрэагавалі на рашэньне ўладаў Беларусі прызнаць «экстрэмісцкімі» шэраг вэб-сайтаў і старонак у сацыяльных сетках грамадзкіх ініцыятываў, якія атрымліваюць фінансаваньне ад ЭЗ.

Як паведаміла агенцтва Reuters, прэсавы сакратар дыпляматычнай службы Эўразьвязу заявіў, што гэтае рашэньне «ёсьць чарговым прыкладам сыстэматычных захадаў рэжыму дзеля здушэньня крытычнага мысьленьня, абмежаваньня асноўных свабодаў і скарачэньня грамадзянскай прасторы».

У Эўразьвязе заклікалі скасаваць гэтае рашэньне.

Рэакцыя ўладаў Літвы

У Міністэрстве замежных справаў Літвы назвалі рашэньне ўладаў Беларусі «палітычна матываваным і беспадстаўным крокам, накіраваным на абмежаваньне доступу беларускіх грамадзян да інфармацыі аб ініцыятывах падтрымкі ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці, адукацыі, мабільнасьці і іншых, што рэалізуюць Эўразьвяз і дзяржавы — яго чальцы».

Так літоўская дыпляматыя адрэагавала на прызнаньне «экстрэмісцкімі» сайтаў Цэнтральнага агенцтва кіраваньня праектамі (Centrinė projektų valdymo agentūra, CPVA), праграмаў EU4Belarus – SALT, EU4Belarus – SALT II, EU4Belarus – SALT III, Education for Belarusians і зьвязаных зь імі старонак у сацыяльных сетках.

У МЗС Літвы падкрэсьлілі, што CPVA — літоўская дзяржаўная ўстанова з шматгадовым досьведам кіраваньня нацыянальнымі, эўразьвязаўскімі і міжнароднымі праграмамі, таму дыпляматы разглядаюць рашэньне ўладаў Беларусі як «перадузятую спробу дыскрэдытаваць законнае міжнароднае супрацоўніцтва».

«Літва супольна з Эўразьвязам і надалей будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы, грамадзянскую супольнасьць, студэнтаў, акадэмічную супольнасьць і грамадзянскія ініцыятывы Беларусі. Аднабаковыя рашэньні рэжыму Беларусі ня зьменяць забавязаньня Літвы і ЭЗ дапамагаць народу Беларусі і запэўніваць яму доступ да аб’ектыўнай інфармацыі і ўдзелу ў міжнародных праграмах падтрымкі», — адзначаецца ў заяве Літвы.

У Літве таксама заклікалі скасаваць гэтае рашэньне.

Што папярэднічала

Суд Ленінскага раёну Магілёву 15 ліпеня 2026 году прызнаў «экстрэмісцкімі» сайт праграмаў EU4Belarus – SALT, EU4Belarus – SALT II, EU4Belarus – SALT III, Education for Belarusians, а таксама сайт Цэнтральнага агенцтва кіраваньня праектамі Літвы і яго прадстаўніцтваў у сетках Linkedin і Х.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG