Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў «антыкрызісны плян» — стратныя аграрныя кампаніі аддаць прыватнікам

Фэрма ў Беларусі. Архіўнае фота
Фэрма ў Беларусі. Архіўнае фота

На нарадзе з урадам 27 жніўня Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў перадачу і продаж стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці эканамічна пасьпяховым кампаніям, у тым ліку прыватным.

«Мы на прыкладзе Віцебскай вобласьці разгледзім варыянт. Рэзка сказаць — прыватызацыі. Гэта падобна на тое, што мы дзяржаўную ўласнасьць перадаём у кіраваньне ці адразу прадаём прыватным кампаніям», — заявіў чыноўнікам Аляксандар Лукашэнка, які цягам усёй свай палітычнай кар’еры выказваўся супраць прыватызацыі.

Сярод іншага гаворка ішла пра перадачу Аршанскага мясакамбіната агракамбінату «Дзяржынскі», кантрольны пакет акцый якога належыць Менскаму аблвыканкаму.

Асобныя прадпрыемствы Аршанскага раёну будуць «замацаваныя» за ЗАТ «Савушкін прадукт». «Савушкін прадукт» таксама заключыў інвэстыцыйнае пагадненьне з ААТ «Полацкі малочны камбінат».

Дзесяць сельгаспрадпрыемстваў Дубровенскага раёну і дзяржаўнага прадпрыемства «Віцебскі бэкон» «перадаюцца» кампаніі «Сэрвалюкс».

Як вынікае з паведамленьня БелТА, стратныя прадпрыемства Віцебшчыны ўрад плянуе прадаць інвэстарам за адну базавую велічыню, якая цяпер складае 45 рублёў. Лукашэнка падчас нарады казаў, што прадаваць вытворчасьці трэба па рынкавай цане.

Чаму гэта важна

Лукашэнка фактычна дае старт буйной прыватызацыі ў аграрным сэктары, але працэс ідзе не празрыста, і актывы сыходзяць ягоным знаёмым бізнэсоўцам без конкурсаў.

  • «Савушкін прадукт» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў малочных прадуктаў у Беларусі, які належыць бізнэсоўцу Аляксандру Машэнскаму, вядомаму блізкімі адносінамі з Лукашэнкам.
  • «Сэрвалюкс» належыць бізнесоўцу Яўгену Баскіну. «Канечне, Жэня Баскін зацікаўлены атрымаць таньней», — заявіў 27 жніўня Лукашэнка, акрэсьліўшы свае адносіны з будучым інвэстарам.

Віцебская вобласьць традыцыйна застаецца аўтсайдэрам у сельскай гаспадарцы Беларусі. Так, у мінулым годзе ў Віцебскай вобласьці, згодна з Белстатам, там за год стала меней буйной рагатай жывёлы на 47 тысяч галоў, а сярэдні ўдой ад каровы склаў 2,9 тысячы кіляграмаў за год, пры тым што ў Берасьцейскай вобласьці — 4,2 тысячы кіляграмаў.



Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG