Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў таму памёр паэт Алесь Разанаў. Згадваем, якім ён быў

Алесь Разанаў. Менск, 2017 год
Алесь Разанаў. Менск, 2017 год

Паэт Алесь Разанаў нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў мястэчку Сялец Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне, памёр 26 жніўня 2021 году ў Менску. Мы сабралі асноўныя факты і некаторыя ўспаміны пра Разанава.

Алесь Разанаў — паэт, пісьменьнік, перакладнік, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі «Залаты апостраф». Вядомы як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных формаў.

У 1969-м яго выключылі зь ліку студэнтаў БДУ за арганізацыю падпісаньня ліста ў ЦК КПБ за аднаўленьне выкладаньня ва ўнівэрсытэце па-беларуску. Пры спрыяньні Максіма Танка і Ўладзімера Калесьніка ў 1970 годзе закончыў вышэйшую адукацыю ў Берасьцейскім пэдагагічным інстытуце.

Працаваў настаўнікам у школе, затым — у рэдакцыях літаратурных выданьняў, у тым ліку ў газэце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісах «Родная прырода», «Крыніца».

Некаторы час жыў у Нямеччыне і Аўстрыі, памёр у Беларусі.

Быў адным з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру, ягоным віцэ-прэзыдэнтам.

Змагаўся за права вучыцца па-беларуску

Алесь Разанаў
Алесь Разанаў

У 1966-м Алесь Разанаў паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а праз два гады апынуўся ў самым цэнтры палітычнага скандалу. Разам зь сябрамі Віктарам Ярцам і Лявом Барташам яны склалі ліст у ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава. Пад лістом падпісаліся некалькі сотняў чалавек. Студэнты патрабавалі выкладаньня на беларускай мове.

У выніку тройца ініцыятараў звароту атрымала ярлыкі «нацыяналістаў». А калі неўзабаве Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Коўтун наведаліся ў Зэльву да Ларысы Геніюш, лёс завадатараў быў перадвызначаны. Разанава зь Ярцам, нягледзячы на выдатную пасьпяховасьць, выключылі з БДУ.

Пасьля гэтага Разанаў перавёўся ў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут, на трэці курс. Там ён працягваў падтрымліваць сувязі зь сьвядомай беларускай інтэлігенцыяй, да сьвядомасьці далучаў і сваіх калегаў і аднакурсьнікаў.

Былы ягоны аднакурсьнік згадваў:

«Нейкай адкрытай „агітацыі“ з боку Разанава не было, але ў нас сама па сабе група падабралася нацыянальна сьвядомая, нікога ня трэба было ў гэтым сэнсе выхоўваць. Хлопцаў было меней, у асноўным дзяўчаты, усе вельмі дружныя, сапраўдныя аднадумцы.

Алесь на гэтым фоне быў нашым лідэрам. Ня толькі ў сэнсе маральнасьці. Шмат працаваў, старанна вучыўся, скончыў інстытут з чырвоным дыплёмам. Я б нават сказаў, што для групы ён стаў, безь перабольшаньня, духоўным лідэрам, сапраўдным прыкладам для перайманьня».

Алесь Разанаў на «Гісторыка-культуралягічным форуме», прысьвечаным 500-годзьдзю выхаду першай беларускай кнігі Скарыны ў Празе. Менск, 14 студзеня 2017 году
Алесь Разанаў на «Гісторыка-культуралягічным форуме», прысьвечаным 500-годзьдзю выхаду першай беларускай кнігі Скарыны ў Празе. Менск, 14 студзеня 2017 году

Першыя зборнікі

Паэтам ён быў ужо падчас вучобы. Першы паэтычны зборнік Алеся Разанава «Адраджэньне» зьявіўся ў 1970 годзе. Яго зьмест быў істотна скарэктаваны — партыйныя цэнзары не маглі спакойна рэагаваць на ўслаўленьне герояў беларускай мінуўшчыны, што вынікала ўжо з самой назвы.

Наступная кніга вершаў пад назвай «Назаўжды» выйшла праз чатыры гады і пазначыла схільнасьць аўтара да паэтычнага экспэрымэнту, вынаходзтва новых жанраў — квантэмаў, вершаказаў, акцэнтаваньне ўвагі на філязофскіх праблемах.

Сьледам паўсталі зборы паэмаў-балядаў «Каардынаты быцьця» і «Шлях-360». Аднак і на іх путамі віселі ідэалягічныя абмежаваньні — перадусім кола дазволеных тэмаў і спосабы іх увасабленьня.

Тым ня меней Разанаў працягвае пісаць, упэўнена заняўшы пачэснае месца ў сучаснай беларускай літаратуры. З-пад ягонага пяра выходзяць «Вacтpыё cтpaлы», «У гopaдзe вaлaдapыць Рaгвaлoд», «Пaлявaньнe ў paйcкaй дaлiнe», «Рэчaicнacьць», «Тaнeц з вyжaкaмi».

«Яйкаквадраты» супраць «Мабільных тэлесыстэмаў»

У 2000-х гадах творца стаў удзельнікам гучнага працэсу. Вярхоўны суд Беларусі прыняў да разгляду справу аб парушэньні апэратарам мабільнай сувязі «Мабільныя тэлесыстэмы» аўтарскіх правоў паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. Яны настойвалі, што расейскі апэратар у якасьці брэнду МТС без дазволу «пазычыў» выявы яйка ў рознакаляровых квадратах, прыдуманыя і ўвасобленыя ў праекце «Яйкаквадраты».

Шэсьць мастацка-канцэптуальных «яйкаквадратаў» зьявіліся ў Беларусі ў 1992-м, а праз паўтара дзясятка гадоў пачалі выкарыстоўвацца ў выяве таварнага знаку апэратара мабільнай сувязі МТС. Паэт і мастак афіцыйна папярэджвалі кіраўніцтва мабільнага апэратара пра аўтарскія правы на сымбаль, аднак МТС афіцыйна зарэгістраваў свой брэнд на тэрыторыі Беларусі 10 ліпеня 2007 году.

Працэс расьцягнуўся на некалькі гадоў, у выніку Вярхоўны суд заняў бок МТС.

Быў плённым перакладнікам замежнай літаратуры

Актыўная паэтычная дзейнасьць Алеся Разанава ішла поруч зь перакладніцкай. Ён шмат перакладаў зь нямецкай, ангельскай, польскай, чэскай, баўгарскай, літоўскай, латыскай, грузінскай ды іншых моваў.

На сумежжы ХХ і ХХІ стагодзьдзя паэт паспрабаваў натхніцца сьвежымі ідэямі ў Нямеччыне, і зьмена асяродзьдзя прынесла нечаканыя наступствы.

Разанава можна назваць ня толькі беларускім, а і нямецкім паэтам. Ягоныя навацыі ў працы з словам атрымалі прызнаньне нямецкіх літаратараў.

Зборнікі паэзіі Разанава

  • «Адраджэньне» (1970) (першапачатковая назва — «Адрачэньне»)
  • «Назаўжды» (1974)
  • «Каардынаты быцьця» (1976)
  • «Шлях-360» (1981)
  • «Вастрыё стралы» (1988)
  • «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992)
  • «Паляванне ў райскай даліне» (1994)
  • «Гліна. Камень. Жалеза» (2000)
  • Wortdichte (2003) (па-нямецку)
  • «Кніга ўзнаўленняў» (2005)
  • «Лясная дарога: версэты» (2005)
  • «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006)
  • «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007)
  • «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009)
  • «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009)
  • «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010)
  • «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010)
  • «З Веліміра Хлебнікава» (2011)
  • «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011)
  • «Столькі і гэтулькі» (2012)
  • «І вынайшаў я крылы — вось яны» (2014)
  • «Галасы тое, што ёсьць, шукаюць» (2016)
  • «Маем найбольшае самі» (2017)
  • «Невядомая велічыня. Гутаркі. Артыкулы. Згадкі» (2017)
  • «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж: пункціры» (2018)
  • «Маланка жне, гром малоціць: вершаказы» (2020).
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG