Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адказаў на віншаваньне Ціханоўскай з Днём Незалежнасьці Ўкраіны

Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Кіеве 26 траўня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Кіеве 26 траўня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Украінскі прэзыдэнт перадрукаваў на сваёй старонцы на плятформе Х віншаваньне Сьвятланы Ціханоўскай з Днём Незалежнасьці Ўкраіны і дапоўніў яго сваім камэнтаром.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў грамадзянам Беларусі, якія разам з украінскімі вайскоўцамі абараняюць Украіну.

«Эўропа ня можа дазволіць сабе страціць ніводную нацыю, што імкнецца да рэальнай незалежнасьці. Гэтак жа важна, каб Беларусь не была ўцягнутая ў жорсткую вайну Расеі і ў рэшце рэшт ператварылася ў дэмакратычную, адкрытую і мірную краіну. Украіна ўдзячная тым беларусам, якія разам з украінскімі салдатамі абараняюць нашу агульную свабоду», — напісаў Зяленскі.

Віншаваньня Аляксандра Лукашэнкі з Днём Незалежнасьці, якое той накіраваў 24 жніўня народу Ўкраіны, Зяленскі не згадаў.

Што папярэднічала

Украіна 24 жніўня адзначала Дзень Незалежнасьці.

Лідэры шэрагу замежных дзяржаваў накіравалі Ўладзіміру Зяленскаму і ўкраінскаму народу свае віншаваньні.

Сьвятлана Ціханоўская, віншуючы Ўкраіну з Днём Незалежнасьці, адзначыла, што ўкраінцы плацяць за сувэрэнітэт сваёй краіны вялікую цану.

«Сваім прыкладам вы паказваеце ўсяму сьвету, што такое мужнасьць. І даяце надзею іншым народам, якія таксама змагаюцца за свабоду. Тры месяцы таму я была ў Кіеве і бачыла вашу сілу на свае вочы. Краіна ваюе — і жыве. Працуе. Вучыцца. Будуе. Плянуе будучыню. І я хачу, каб вы ведалі: беларусы — на вашым баку», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Яна нагадала, што на баку Ўкраіны змагаюцца беларускія добраахвотнікі, а партызаны ў Беларусі спынялі расейскія вайсковыя эшалёны.

«Валянтэры ратуюць жыцьці, зьбіраюць машыны, дроны і мэдычную дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае Ўкраіне па ўсім сьвеце. Журналісты і актывісты выкрываюць расейскую прапаганду і злачынствы рэжыму. А ў беларускіх турмах дагэтуль сядзяць людзі за салідарнасьць з Украінай і супраціў расейскай агрэсіі. Гэта — сапраўдная Беларусь», — падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што ён павіншаваў з Днём Незалежнасьці ўкраінскі народ. Імя Зяленскага ў сваіх віншаваньнях Лукашэнка ня згадвае з 2021 году.

У віншаваньні Лукашэнка адзначыў, што «будучыя пакаленьні беларусаў і ўкраінцаў захаваюць адвечныя сяброўскія і роднасныя сувязі, а Менск і Кіеў адновяць узаемавыгаднае супрацоўніцтва на прынцыпах даверу, павагі і раўнапраўя».

«Гістарычныя лёсы беларускага і ўкраінскага народу цесна пераплеценыя. Нашыя нацыі зьвязваюць векавыя традыцыі, памяць пра агульныя перамогі і цяжкія выпрабаваньні», — сказана ў Лукашэнкавым віншаваньні.

Амаль празь пяць гадоў пасьля таго, як Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, ён зычыць украінцам «здароўя і працьвітаньня, а іхнай краіне — міру і шчасьця».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG