Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтву справаў Лукашэнкі павялічылі фінансаваньне — будуць рамантаваць санаторый у Крыме

Крым, мястэчка Карэіз. Ілюстрацыйнае фота
Крым, мястэчка Карэіз. Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі даручыў Міністэрству фінансаў павялічыць сёлета фінансаваньне кіраўніцтва справаў Лукашэнкі на 1,5 мільёна рублёў.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, дадатковае фінансаваньне накіруюць на капітальны рамонт «вытворча-бытавога комплексу „В“, разьмешчанага пад адрасам: Рэспубліка Крым, г. Ялта, мястэчка Карэіз, Місхорскі спуск, 5».

Пад гэтым адрасам знаходзіцца пяты корпус санаторыю «Беларусь» (пяціпавярховы спальны корпус), а таксама клюб-сталоўка, більярдная заля, тэнісныя сталы і залі для гульняў.

Апроч таго, дадатковае фінансаваньне (500 тысяч рублёў) атрымае канцэрн «Беллегпрам» на бягучы і яшчэ амаль 2 мільёны рублёў — на капітальны рамонт Менскага дзяржаўнага каледжу тэхналёгіі й дызайну лёгкай прамысловасьці.

Напісана, што гэтыя сумы павялічаць за кошт скарачэньня іншых выдаткаў кіраўніцтва справаў прэзыдэнта на 1,115 мільёна рублёў, на іншыя пытаньні, зьвязаныя зь міжнароднай дзейнасьцю (скарацілі на 93,6 тысяч рублёў), на друкаваныя СМІ (на 290,9 тысяч рублёў), а таксама за кошт скарачэньня на амаль 2,6 мільёна рублёў выдаткаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, прадугледжаных для набыцьця абсталяваньня й іншай тэхнікі.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Беларусь атрымала ва ўласнасьць санаторый «Беларусь» у Ялце ў 1999 годзе адпаведна пагадненьню з Украінай аб узаемным прызнаньні правоў уласнасьці на аб’екты, што знаходзіліся на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў. Да студзеня 2015 году гэтая ўстанова працавала на падставе ўкраінскага заканадаўства і толькі амаль праз год пасьля анэксіі Расеяй Крыму перарэгістраваная паводле расейскага заканадаўства.

У 2025 годзе санаторый павялічыў продажы сваіх паслуг, нягледзячы на тое, што апошнім часам пабольшала інцыдэнтаў, зьвязаных з украінскімі атакамі на вайсковыя і энэргетычныя аб’екты Расеі ў Крыме. Даход вырас прыблізна на 60%. Санаторый утаргаваў каля 300 млн. расейскіх рублёў (11 237 244 беларускіх рублёў). А вось прыбытак быў мінімальны і застаўся на папярэднім узроўні — 2,3 млн. расейскіх рублёў (86 153 беларускіх рублёў).

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG