24 жніўня памёр Ігнат Карповіч — адзін з найвядомейшых сучасных пісьменьнікаў Польшчы. Пра ягоную сьмерць паведаміла выдавецтва Wydawnictwo Literackie, адзначыўшы, што ён «вывеў польскую літаратуру ў новае вымярэньне». Яму было ўсяго 50.
Ігнат Карповіч (Ignacy Karpowicz) — адзін з найяскравейшых сучасных польскіх пісьменьнікаў. Нарадзіўся ён у 1976 годзе ў Беластоку, а першыя гады жыў у вёсцы Случанка за 15 км ад беларускай мяжы.
«Мае бацькі таксама (але перш за ўсё дзяды, я зь імі правёў свае першыя гады) паходзілі зь вёскі, што непадалёк ад Беластоку, якая называецца Случанка. І мая першая мова, хаця цяпер ужо не магу ацаніць — якая была маёй першай, але мне здаецца, што маёй першай мовай была беларуская.
Бо бацькі працавалі, а мною займаліся дзяды. І дзіцём я добра размаўляў па-беларуску. Яны называлі гэта: „папросту“, „па-свойму“ размаўлялі, як бы не было ідэнтыфікацыі зь Беларусьсю», — расказваў ён карэспандэнту Радыё Свабода падчас наведваньня Горадні ў 2013 годзе.
Карповіч вучыўся ў Варшаўскім унівэрсытэце, займаўся ібэрыстыкай і афрыканістыкай. Перакладаў з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў і шмат падарожнічаў.
У літаратуры ён дэбютаваў у 2006 годзе, і з таго часу выдаў дзесяць кніг, пяць зь якіх траплялі ў топ-7 галоўнай польскай літаратурнай прэміі Nike.
У 2010 годзе Ігнат Карповіч атрымаў прэстыжную польскую культурную прэмію часопіса «Polityka» за раман «Балядыны і рамансы».
«У Карповіча ў Беластоку ў нашы дні апынаецца сам „Езус Хрыстус“, які прыедзе цягніком з Варшавы, — пісаў на Свабодзе ўражаны гэтым раманам беларускі пісьменьнік Сяргей Астраўцоў. — Як вядома, у Горадню Хрыстос трапіў некалі пешкі. Увогуле ў рамане мірнае нашэсьце багоў на Польшчу. Багі вяртаюцца на Зямлю (усе, якія былі), каб жыць сярод людзей, жыць як людзі. Рай і пекла зьліквідаваныя, на небе ім больш няма чаго рабіць».
Маналёг Ісуса з гэтага раману выйшаў па-беларуску ў часопісе «ПрайдзіСвет» у перакладзе Марыі Мартысевіч.
Родны дзядзька пісьменьніка па кудзелі — знаны беларускі мастак Лявон Тарасевіч, ад якога Карповіч пачуў гісторыю пра жанчыну з ваколіцаў Гарадка, якая ў вайну закахалася ў немца.
Гэтая гісторыя стала адным з штуркоў да раману «Сонька», які выйшаў у 2015 годзе. У ім празь лёс беларускай сялянкі паказаныя трагічныя падзеі на Беласточчыне пачатку 1940-х гадоў.
У 2018 годзе раман выйшаў у беларускім перакладзе Марыі Мартысевіч.
«„Патом распалю ў печы“, — сказала Соня і села насупраць госьця.
„Потэм, ф пецу“, — паправіў яе Ігар на гарадзкой, сапраўднай мове. Бо Ігар дбайна хаваў сваё дзяцінства, зафарбоўваў яго, пасьлядоўна яго саромеўся, скрупулёзна забываў, цураўся і грэбаваў ім. Дзяцінства, якое ён прабавіў зь дзедам і бабуляй у блізьлеглай вёсцы».
Для стылю Карповіча былі характэрныя інтэлектуальнасьць, даступнасьць мовы і эмпатыя нават да адмоўных пэрсанажаў:
«Кожны з маіх герояў, нават калі гэта жанчына, нават калі ён мне не асабліва падабаецца, мае ў сабе нешта ад мяне. Я стараюся ставіцца з эмпатыяй да ўсіх пэрсанажаў сваіх раманаў, — казаў Ігнат Карповіч Польскаму агенцтву друку ў 2014 годзе пасьля выхаду раману «Сонька».
Форум