Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суседзі палявалі на суседзяў. Выходзіць вусьцішная кніга пра падзеі на Беласточчыне падчас Другой усясьветнай вайны


Пісьменьнік Ігнат Карповіч, архіўнае фота

У выдавецтве «Логвінаў» выходзіць раман сучаснага польскага пісьменьніка Ігната Карповіча «Сонька». У ім празь лёс галоўнай гераіні паказаныя трагічныя падзеі на тэрыторыі Беласточчыны на пачатку 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Пераклад з польскай Марыі Мартысевіч. Прэзэнтацыя «Сонькі» з удзелам аўтара адбудзецца 23 лістапада ў рамках «Месяца польскай літаратуры ў Беларусі».

Анонс да кнігі даволі падрабязна распавядае пра сюжэт:

«У жыцьці беларускай сялянкі Сонькі ўсё скончылася „даўным-даўно“, разам з вайною. Яна перажыла і адчула тады столькі, што пазьней ужо не жыла і не адчувала, усё, што ёй засталося, — гэта ўспамін і сабачы аброжак з гатычным надпісам. Выпадковая сустрэча на прасёлку наўпоблізь падляскай вёскі Каралёва Стойла дае пачатак гісторыі, якая нарэшце займела свайго слухача.

Ім становіцца Ігар — папулярны тэатральны рэжысэр з Варшавы, які нечакана для сябе апынуўся па-за зонай пакрыцьця мабільных апэратараў. Ён на хаду перарабляе гісторыю бабулькі ў тэатральную п’есу, ствараючы ўласную вэрсію падзеяў.

„Сонька“ — гэта вялікая і адначасова камэрная, простая, хоць і нялёгкая, прыцішаная, хоць і жарсная, пацыфістычная і адначасова брутальная гісторыя, перапоўненая каханьнем. Аўтар скрыжоўвае канвэнцыі ваеннай і мілоснай прозы, каб расказаць пра „даўным-даўно“ і „цяпер“, пра „тут“ і „там“, пра пекла і рай памяці».

Курсівам у гэтай кнізе вылучаныя словы і фразы, дзе ў арыгінале аўтар ужывае беларускую мову, ці, дакладней, варыянт паўднёва-ўсходніх гаворак беларускай мовы, пашыраны на Беласточчыне.

«Патом распалю ў печы», — сказала Соня і села насупраць госьця.

«Потэм, ф пецу», — паправіў яе Ігар на гарадзкой, сапраўднай мове. Бо Ігар дбайна хаваў сваё дзяцінства, зафарбоўваў яго, пасьлядоўна яго саромеўся, скрупулёзна забываў, цураўся і грэбаваў ім. Дзяцінства, якое ён прабавіў зь дзедам і бабуляй у блізьлеглай вёсцы».

Паступова, аднак, слухаючы гісторыю бабы Соні, якая прытуліла яго ў сваёй хаце, Ігар Грыцоўскі ўзгадвае і сваё сапраўднае імя — Ігнат — і сваё спадчыннае прозьвішча — Грык.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Абуджэньне родавай памяці — адна зь лініяў раману. Але іх шмат праведзена па гэтай тонкай тканіне, заплямленай крывёю каханых людзей.

Гісторыя Соньчынага каханьня да нямецкага афіцэра СС — самая выразная ў пераблытаным клубку затухлых жарсьцяў.

Соня не магла думаць пра Ёахіма як пра немца. Для яе ён самы дарагі чалавек, зь якім яна ўпершыню ў жыцьці адчула ласку і цяпло. Браты ёю пагарджаюць, а бацька гвалтуе. Тым ня менш яна па звычаі называе яго на «вы», і адпаведна ва ўсіх ейных маналёгах ён згадваецца ў множным ліку. Бацька лічыць яе вінаватай у страце жонкі, якая памерла, нараджаючы Соньку — на ягоную думку, гэта дае яму поўнае права скарыстоўваць дачку дзеля свайго задавальненьня. Урэшце ён, як і шмат іншых тутэйшых, гіне ад нямецкіх куляў.

«Калі Соня ўсьвядоміла, што бацька ўжо ніколі ня вернецца, інакш як у начным кашмары, яна расплакалася ад шчасьця».

Прыгадваючы той час, Сонька кажа сталічнаму госьцю: «Людзі мелі значэньне, ну так, але большае значэньне мелі каровы і козы. Бязь іх людзі б падохлі з голаду».

Але сярод малазначных істотаў-людзей былі яшчэ менш значныя:

«Ігнат, я не хачу скардзіцца, толькі ты мусіш ведаць, што значыла тады — даўным-даўно — быць жанчынай. За нашымі пагоркамі і лугамі, за стадоламі і хлявамі кабета цанілася ня больш за казу, хоць каза мела большыя шанцы выжыць, бо заўсёды давала малако, а жанчына малако давала часамі і не для ўсіх».

Каханага Сонькі амаль па-старазапаветнаму пратыкае віламі ейны брат.

«Немцаў разьюшыў напад на афіцэра СС. Яны падрыхтаваліся да паляваньня. Здаючы сабе справу, што згінуць у лясах і багнах, выбралі надзейнейшы спосаб. Яны раздалі зброю жыхарам навакольных вёсак; вайна і так была ўжо прайграная, хоць толькі сягнула росквіту, іх не хвалявала, які ўжытак потым знойдзе зброя, супраць каго...

Тужлівае гэта мусіла быць паляваньне. Невядома нават, хто быў тут зьверам, а хто паляўнічым. І зьвяры, і паляўнічыя мусілі падставіць галовы пад сякеру — раней ці пазьней, у тых ці іншых акалічнасьцях. Ці вялікая розьніца, хто забівае і чаму? Немец, рускі, беларус і паляк выпускаюць кулі, якія ня маюць нацыянальнасьці.

Суседзі палявалі на суседзяў».

Ігнат Карповіч (Ignacy Karpowicz) — адзін з найяскравейшых сучасных польскіх пісьменьнікаў. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Случанка на Беласточчыне. Выпускнік Варшаўскага ўнівэрсытэту, спэцыяліст па ібэрыстыцы і афрыканістыцы. Аўтар сямі раманаў, чатыры зь якіх уваходзілі ў шорт-ліст галоўнай літаратурнай прэміі Польшчы Nike. У 2010 годзе атрымаў узнагароду Paszport «Polityki» за раман «Balladyny i romansy».

Пісьменьнік належыць да беларускай меншасьці Польшчы. Яго родны дзядзька па кудзелі — знакаміты беларускі мастак Лявон Тарасевіч, які паходзіць з падляскай вёскі Валілы і ад якога Карповіч пачуў пра жанчыну з ваколіцаў Гарадка, якая ў вайну закахалася ў немца.

Асаблівасьць раману «Сонька», аднак, у тым, што аўтар не пасьпеў пабачыцца з прататыпам гераіні да яе сьмерці. Гісторыя ня мае пад сабою дакумэнтальнага грунту. Карповіч ствараў яе на працягу сямі гадоў. У ягонай творчасьці «Сонька» стаіць побач з раньнімі раманамі «Niechało» (2006) і «Cud» (2007), падзеі якіх разгортваюцца ў наш час на Беласточчыне і хвостка, іранічна аналізуюць польскую штодзённасьць. Выразна інакшай атрымалася «Сонька», якая зрабілася ў Польшчы сапраўднай літаратурнай сэнсацыяй. У гэтай кнізе сустракаюцца мінулае і цяпершчына, жыцьцё і сьмерць, каханьне і нянавісьць. «Зласьлівае майстэрства „Сонькі“ палягае ў спляценьні мэлядраматычнай ілюзіі і цынічнага ацьверазеньня. Гэта раман-пастка», — мяркуе прафэсар Пшэмыслаў Чапліньскі.

Раман «Сонька» перакладзены на вугорскую, літоўскую, нямецкую, расейскую, украінскую мовы. У 2015 годзе спэктакль паводле раману быў пастаўлены на падмостках Драматычнага тэатру імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку з удзелам беларускіх актораў Сьвятланы Анікей (Сонька) і Аляксандра Малчанава (Міша), пастаноўка Агнешкі Карыткоўскай-Мазур. Сьвятлана Анікей атрымала за ролю ў гэтым спэктаклі прэмію Агульнапольскага фэстывалю сучаснай драматургіі «Rzeczywistość przedstawiona», а таксама прэмію конкурсу Польскага радыё і тэлебачаньня «Dwa Teatry» за ролю Сонькі ў аднайменным аўдыёспэктаклі (рэжысэр Кшыштаф Кічка).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG