Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не чакала такой папулярнасьці». Размова з стваральніцай дыялектнай аўдыёмапы Беларусі


Іна Хоміч. Фота Дзяніса Трацюка
Іна Хоміч. Фота Дзяніса Трацюка

Зь берасьцейскай журналісткай Інай Хоміч размаўляем пра яе мапу «Дыялекты» і пра тое, навошта ёй яна патрэбная і што пра яе кажуць людзі.

Па-свойму навучылася ад бабулі

— Іна, пакуль запытаць вас пра праект дыялектнай аўдыёмапы Беларусі, я задам вам асабістае пытаньне. У якім дыялекце нарадзіліся вы? Ці была гэта народная дыялектная мова, ці, можа, да вас ад самага пачатку гаварылі на літаратурнай мове?

— Дзякуй за пытаньне, вельмі рэдка пра гэта пытаюцца. Я нарадзілася на Камянеччыне, гэта, зразумела, арэал палескіх гаворак. Гэта не літаратурная мова, ні беларуская, ні руская. Што праўда, мама старалася гаварыць да мяне на рускай мове, а да сваёй маці, гэта значыць, да маёй бабулі, гаварыла па-нашаму. Яны вось думалі, што так мне будзе лягчэй у жыцьці — што я пайду ў школу, буду адразу добра гаварыць па-руску, і гэта мне неяк дапаможа. Гэта, канешне, было глупства.

У дзяцінстве я добра разумела наш дыялект, аднак гаварыла па-руску. Калі вырасла, мусіла асвойваць народную гаворку нанава. Тады я пачала зьвяртацца да бабулі па-нашаму і проста вучыць нашу гаворку, каб ня толькі слухаць і разумець, але і гаварыць.

— А дзе канкрэтна вы нарадзіліся? Гэта была вёска ці мястэчка?

— Гэта была маленькая вёска Зянькі, кілямэтраў за дзесяць ад Камянца. Мушу удакладніць, што я якраз выхоўвалася пры бабулі. Мама пазьней стала жыць у горадзе, дзе пайшла на працу, а я засталася пры бабулі да школы, а потым так атрымалася, што і школу там скончыла. Уявіце сабе — маленькая вёска, чалавек, можа, дваццаць, і сярод гэтых дваццаці чалавек толькі адно дзіцё — я. Я і людзі сталага, фактычна, ужо пэнсіянэрскага ўзросту. Беларускую і рускую мовы я чула толькі ў школе або ад сваіх сяброў, якія прыяжджалі налета ў нашу вёску да суседзяў. А так — я цалкам натуральна пачувалася ў нашым дыялекце. Нанава асвойваць яго мне давялося толькі ў пляне размовы.

Іна Хоміч (справа)
Іна Хоміч (справа)

Ці жывыя палескія дыялекты?

— Значыць, цяпер, калі вы езьдзіце ў людзі зь нейкімі журналісцкімі заданьнямі, дык вы гаворыце зь імі па-свойму і яны вас усюды ўспрымаюць як сваю?

— Так. Калі я бачу нейкую бабулю ці чалавека сталага ўзросту, у мяне адразу ўключаецца дыялект. І нават калі я ежджу па Баранавіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім раёнах, дзе гаворкі больш падобныя да беларускай мовы, у мяне ўсё адно ўключаецца наша палеская гаворка. Я яе вельмі люблю і ўжываю ня тое што пры неабходнасьці, а пры першай нагодзе.

— Агульнае адчуваньне такое, што дыялектнай мовай карыстаюцца ўжо толькі старыя ў вёсках. Цікава, вам сустракаліся маладыя людзі, якія гавораць на дыялектах?

— Мы яшчэ не дарасьлі да той моды на дыялекты, якая ёсьць на Падляшшы. Я спадзяюся, мы дарасьцем. Моладзь у нас яшчэ не вяртаецца да дыялектаў, так сказаць, другой хваляй. Ну, а першая хваля яшчэ ёсьць, у большых вёсках, дзе жыве моладзь. Але, канешне, у прыгарадзе Берасьця дыялект можна пачуць ужо значна радзей. Хоць сказаць адназначна, што дыялекты — гэта мова толькі старэйшага пакаленьня — я не магу. Таму што ёсьць і дзеці, якія гавораць на іх, асабліва на Століншчыне. Агульна можна сказаць, што чым далей ад’яжджаеш ад большага гораду, тым часьцей пачуеш дыялект, у тым ліку і сярод моладзі.

— У мінулым былі спробы зрабіць з палескіх дыялектаў літаратурны варыянт мовы. Вы, пэўна, замаладая, каб помніць праект Міколы Шэляговіча, але, магчыма, вам траплялі ў рукі выданьні мовазнаўцы Хведара Клімчука — пераклады на гаворку ягонага роднага сяла Сіманавічы. Як вам такая спроба стварэньня палескай літаратурнай мовы?

— Я бачыла гэтыя выданьні і была на адным з выступленьняў Хведара Клімчука ў Берасьці, калі ён цытаваў свае пераклады. Я ня ведаю, наколькі гэта можна лічыць літаратурнай мовай. Гэта мною ўспрымаецца больш як спроба ўвекавечыць сваю родную мову, чым зрабіць яе ўжывальнай на нейкім шырэйшым арэале. Проста пакінуць яе для памяці, так як мы спрабуем пакінуць для памяці ўзоры дыялектаў у сваім праекце.

Грамадзка значная справа

— Як і калі вам прыйшла ў галаву думка, што дыялектная аўдыёмапа Беларусі — гэта цікавая ідэя ня толькі для вас, але і для шырэйшай публікі?

— Я ўпэўнілася, што гэтая ідэя цікавая ня толькі для мяне, але і для іншых, толькі тады, калі мы стартавалі з праектам, і калі пайшлі ўсе гэтыя званкі, прагляды, праслухоўваньні і водгукі. Я да апошняга баялася, што гэта будзе вельмі незаўважны праект — думала, можа быць, толькі філёлягі яго заўважаць. Я не чакала такой папулярнасьці гэтага праекту, які ён атрымаў пасьля старту.

Я проста зьбірала запісы, якія рабіла падчас радыйных камандзіровак і ў нейкіх праектных экспэдыцыях, і з часам мне стала відавочна, што трэба з гэтым рабіць нешта грамадзка значнае. Ну, а ідэя мапы — я й сама ня ведаю, калі яна неяк так натуральна нарадзілася. Гэта павінна была быць мапа, дзе чалавек, па-першае, можа паслухаць гаворку зь нейкай канкрэтнай вёскі, і па-другое, пакінуць свой запіс. Мне гэты праект адразу ўявіўся ў такім варыянце інтэрактыўнасьці.

Вельмі файна, што гэтая ідэя многім аказалася блізкай, а ня толькі філёлягам.

Аўдыёмапа дыялектаў Беларусі
Аўдыёмапа дыялектаў Беларусі

Памочнікі

— Хто вам дапамагае ў стварэньні дыялектнай мапы?

— У нас каманда з трох чалавек. Мне вельмі дапамог Максім Хлябец. Ён быў першым чалавекам, якому я расказала, што выношваю такую ідэю, і ён мне сказаў — крута, давай рабі! Максім — гэта рэдактар берасьцейскага сайту natatnik.by. Вось на базе гэтага сайту мы і зрабілі мапу. Другім чалавекам, які дапамог, быў праграміст сайту Аляксей Жук. Ён падшукаў нам плятформу, ён падшукаў бясплатную мапу, на якую можна падсаджваць вось такія аўдыё, таму што ня кожная мапа мае такія опцыі. Ён нам усё наладзіў, а далей мы ўжо ўсё робім самі.

— Як гэта выглядае з практычнага боку: вам прысылаюць аўдыёзапісы, а ставіце іх вы?

— Так. Пачыналася ўсё з маіх асабістых аўдыёфайлаў, але далей, калі ўжо мы запусьцілі сайт і пачала працаваць наша пошта (dialectsmap@gmail.com), мы вешаем тое, што нам дасылаюць. Людзі прысылаюць свае аўдыёфайлы, мы гэта запускаем у Soundcloud, і адтуль ужо вывешваем на мапу.

Выхад на шырэйшыя прасторы

— Наколькі хопіць вам матэрыялу? Пакуль што, на мапе мы маем перад усім узоры дыялектаў Берасьцейшчыны і Падляшша, што і ня дзіўна, бо вы сама зь Берасьцейшчыны, ну, а на Падляшшы ў апошнія гады назіраецца выразны рост зацікаўленьня сваімі дыялектамі, на якія раней амаль не зьвярталі ўвагі. А як з астатняй часткай беларускага моўнага арэалу?

— Ну вось толькі сёньня я атрымала пяць аўдыётрэкаў зь Лельчыцкага раёну, і што адметна — прыслаў гэта супрацоўнік Акадэміі навук. Ён паглядзеў, што Гомельшчына ў нас зусім праваленая, і вырашыў падзяліцца запісамі са сваёй апошняй экспэдыцыі. З астатнімі рэгіёнамі пакуль што вельмі цяжка. Зь Меншчыны яшчэ хто-нехта нам прысылае запісы — дарэчы, амаль палова праслухоўваньня нашых файлаў зь Меншчыны — але ў іншых рэгіёнах ціха-ціха. Пакуль што я ня ведаю, што з гэтым рабіць, магчыма, трэба больш актыўна ўкідваць інфармацыю ў лякальныя СМІ, у лякальныя супольнасьці. Канешне, мы вельмі хочам, каб мапа разьвівалася і ў астатніх рэгіёнах, каб яна паступова, вёска за вёскай, гарадок за гарадком запаўнялася ўся. Дарэчы, ня толькі запісамі зь Беларусі, але і з таго ж Падляшша, можа быць, з часам з Смаленшчыны і Чарнігаўшчыны.

— Давайце лічыць, што гэтая размова з вамі і будзе такім заклікам да іншых рэгіёнаў, якія пакуль што не адлюстраваныя на вашай мапе. Як вы думаеце, колькі яшчэ часу пратрымаецца жывая дыялектная мова ў Беларусі або на Падляшшы?

— Любыя прагнозы — справа, канешне, няўдзячная. Але я — чалавек аптымістычны. Мне хочацца думаць, што ў тым ці іншым выглядзе дыялекты будуць жыць вечна. Мне, ведаеце, ня хочацца зазіраць у сумную будучыню бяз нашых дыялектаў. Таму я гляджу на прыклад Падляшша, якое нас апярэджвае, і цешу сябе думкай, што тое, што там цяпер адбываецца з дыялектамі, у нас можа быць гадоў праз дваццаць.

Іна Хоміч (справа)
Іна Хоміч (справа)

Голы энтузіязм і эйфарыя

— У вас ёсьць нейкая фінансавая падтрымка для стварэньня гэтай мапы, ці ўсё гэта робіцца, як той казаў, на голым энтузіязьме?

— Пакуль чыста на голым энтузіязьме. Я нават не ўяўляю сабе, як можна манэтызаваць такі праект. Гэта, канешне, слабасьць нашага праекту, таму што энтузіязм ёсьць энтузіязм — увесь дзень я працую на жыцьцё, а вечарам, калі ў мяне яшчэ засталіся сілы, я выкладваю на мапу новыя запісы. Тым ня менш, энтузіязму шмат, і ён падсілкоўваецца тым, што я бачу неабыякавасьць людзей да праекту. Калі людзі прысылаюць новыя запісы дыялектаў, я адчуваю сябе, быццам бы я атрымала заробак.

— Як вашы знаёмыя рэагуюць на вось гэты ваш занятак? Што кажуць?

— На сваё шчасьце я яшчэ ні разу не пачула ад нікога, што такі праект — непатрэбны. Магчыма, калі хто так і думае, то проста маўчыць, але большасьць водгукаў мае ўсё ж пазытыўны характар. Гэта рэдкі прыклад маёй працы, калі я магу паказаць яе і нейкаму філёлягу ці інтэлектуалу, і сяброўцы, якая працуе ў краме прадаўшчыцай. Кожны, зразумела, успрыме гэта па-свойму, на сваім узроўні, але ім будзе аднолькава цікава.

— Можна сказаць, вы на сто адсоткаў задаволеная тым, што займаецеся гэтай мапай?

— Так, я на сто адсоткаў задаволеная. У першыя дні, калі мы запусьцілі праект, я ўвогуле не магла працаваць. Была ў такой эйфарыі, у захапленьні ад таго, як прыхільна гэты праект успрынялі. Усе мае думкі былі занятыя гэтым, я не магла засяродзіцца на нечым іншым. Цяпер я ўжо рэагую спакойна, так сказаць, у працоўным рэжыме. Але ўсё роўна мяне зьдзіўляе, што нягледзячы на «статычнасьць» нашага сайту, мы маем па тысячы праслухоўваньняў за тыдзень. Значыць, людзям гэта патрэбна. Таму я, пачаўшы ўсё гэта, ня маю права сказаць, што ў мяне больш няма энтузіязму, я стамілася і кідаю справу.

* * *

Іна Хоміч закончыла беларускае аддзяленьне філфаку Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Па спэцыяльнасьці не працавала, адразу сышла ў журналістыку: два гады была рэдактарам газэты ўнівэрсытэту, пасьля працавала журналістам у газэце «Брэсцкі кур’ер». Цяпер працуе як фрылансэр. Аўтарка праекту «Дыялекты», які стартаваў на базе берасьцейскага сайту natatnik.by у верасьні сёлета. У Берасьці вядзе курсы «Мова Нанова».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG