Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дазволеных паляваньнях у Віцебскай вобласьці за выходныя забілі трох маладых мядзьведзяў

Дзяніс Клімец забіў першага мядзьведзя пасьля зьмены заканадаўства ў Беларусі. Віцебскі раён, 18 ліпеня 2025 году
Дзяніс Клімец забіў першага мядзьведзя пасьля зьмены заканадаўства ў Беларусі. Віцебскі раён, 18 ліпеня 2025 году

Другі сэзон паляваньня на бурага мядзьведзя ў Беларусі пачаўся 1 ліпеня і працягнецца да 31 сьнежня.

Пра забойства за мінулыя выходныя адразу трох мядзьведзяў, двух маладых самцоў і самкі, паведаміла Беларускае таварыства паляўнічых і рыбакоў. Усе «пасьпяховыя трафэі», паводле БТПР, здабытыя ў Віцебскай вобласьці.

У Докшыцкай паляўнічай гаспадарцы Юры Кабак у суботу 22 жніўня здабыў мядзведзя-самца 4–5 гадоў, у Глыбоцкай паляўнічай гаспадарцы Дзьмітры Дзмітрычэнкаў забіў такога ж, а ў нядзелю, 23 жніўня, Андрэй Кольчаў забіў самку мядзьведзя ўзростам 3–4 гады ў Віцебскай паляўнічай гаспадарцы, — паведаміла таварыства.

Чаму дазволілі паляваньне на мядзьведзя

Летась у Беларусі панізілі прыродаахоўны статус мядзьведзя і дазволілі паляваць на яго з 1 ліпеня па 31 сьнежня. У сярэдзіне ліпеня 2025 году ўпалявалі першага мядзьведзя, а ўжо ў верасьні паведамілі аб 10 упаляваных жывёлах.

Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёлаў. Пры гэтым мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёлаў.

Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG