Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане прайшлі выбары ў Курултай, якія ўмацоўваюць пазыцыі прэзыдэнта Такаева

Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў на выбарчым участку
Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў на выбарчым участку

Прапрэзыдэнцкая партыя «Эдзілет» стала пераможцай выбараў новага парлямэнту Казахстану.

У Казахстане 23 жніўня прайшлі парлямэнцкія выбары — дзясяты раз з моманту здабыцьця краінай незалежнасьці ў 1991 годзе і ўпершыню паводле новай Канстытуцыі. Цяпер выбіралі аднапалатны парлямэнт — Курултай, які фармуецца паводле партыйных сьпісаў. Да выбараў былі дапушчаныя сем партыяў.

Як перадае Казахстанская служба Радыё Свабода, большасьць месцаў у новым аднапалатным парлямэнце Казахстана атрымае партыя, якая называе сябе палітычнай апорай курсу прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева.

Паводле папярэдніх афіцыйных зьвестак, яна набрала больш за 71 працэнт галасоў у выніку выбараў у Курултай паводле новай Канстытуцыі, якія прайшлі 23 жніўня.

Пяціпрацэнтны барʼер для праходу ў парлямэнт, паводле інфармацыі ЦВК, пераадолелі яшчэ чатыры партыі. Гэта «Аўыл» (6,26 працэнта), «Ак жол» (5,21 працэнта), Агульнанацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя (5,11%), Respublica (5,56%). Народная партыя Казахстану (3,11%) і партыя зялёных «Байтак» (1 працэнт) засталіся без мандатаў. Яўка ў краіне перавысіла 74 працэнты.

Што вядома пра партыю-пераможцу

Вынікі ня сталі нечаканасьцю. Прапрэзыдэнцкай партыі прадказвалі выйгрыш з значным адрывам. «Эдзілет» — фармальна новая сіла на палітычнай сцэне краіны. Партыю зарэгістравалі за два месяцы да выбараў. Але яна паглынула партыю «Аманат», які больш за чвэрць стагодзьдзя — за першага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева і ў першыя гады прэзыдэнцтва Такаева — лічыўся вядучай партыяй у Казахстане.

На выбарах у Казахстане
На выбарах у Казахстане

«Эдзілет» узначальвае Айбек Дэдзебай, былы кіраўнік адміністрацыі Такаева, якога прэзыдэнт вызваліў ад пасады за некалькі дзён да старту электаральнай кампаніі.

У партыю ўвайшлі прадстаўнікі буйнога бізнэсу, у тым ліку людзі зь сьпісу Forbes Kazakhstan, а таксама мэдыйныя пэрсоны, высокапастаўленыя службоўцы. У палітычнай радзе партыі ёсьць пляменьніца прэзыдэнта Дана Медэўава, дачка сястры Такаева Карлыгі Ізбасьцінай. Ці атрымае Медэўава мандат, стане вядома неўзабаве.

Аднапалатны парлямэнт ствараецца паводле новай Канстытуцыі, распрацаванай з ініцыятывы Такаева і зь яго ўдзелам.

Асноўны закон уступіў у сілу 1 ліпеня. Выбары прайшлі паводле партыйных сьпісаў.

Назіральнікі АБСЭ: Апазыцыю не дапусьцілі

Ніводная зь сямі дапушчаных да выбараў партыяў не выступала з крытыкай палітыкі прэзыдэнта. За сем гадоў прэзыдэнцтва Такаева ў краіне зарэгістравалі тры партыі, усе яны праўладныя. Некалькі групаў, якія заяўлялі аб жаданьні стварыць апазыцыйныя палітычныя арганізацыі, не змаглі прайсьці рэгістрацыю, іх лідэры сутыкнуліся з крымінальным перасьледам, а некаторыя апынуліся казаліся ў турме.

Місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) у папярэдняй справаздачы аб ходзе кампаніі ў Казахстане адзначыла праблемы з палітычнай канкурэнцыяй.

«Усе партыі падтрымліваюць палітыку прэзыдэнта, і некаторыя суразмоўцы місіі БДІПЧ адзначылі, што брак сапраўдных апазыцыйных партыяў і незалежных кандыдатаў абмяжоўвае палітычны ўдзел і плюралізм», — гаворыцца ў справаздачы.

Назіральнікі АБСЭ не прызнавалі ніводныя выбары ў Казахстане свабоднымі і канкурэнтнымі. Пасля таго як яны далі нэгатыўную адзнаку кампаніі ў 2023 годзе, Такаеў заявіў, што арганізацыя «вельмі перадузята» ставіцца да краіны. У інтэрвію Al Jazeera ён назваў высновы БДІПЧ АБСЭ неабʼектыўнымі. Прадстаўнікі АБСЭ, якія прыбылі ў Астану, ня сталі камэнтаваць гэтае выказваньне прэзыдэнта. Яны заявілі, што дакладна і абʼектыўна ацэньваюць сытуацыю.

Перад выбарамі Такаеў заявіў, што выбарчая кампанія была зьмястоўнай. Тое ж ён сказаў у дзень галасаваньня.

«Уважаю, што палітычная кампанія прайшла дастаткова пасьпяхова. Тэлевізійныя дэбаты былі вельмі прадуктыўнымі і зьмястоўнымі. Мы ўсе бачылі, як наша моладзь зь вялікай цікавасьцю сачыла за дэбатамі. Магу сьцьвярджаць, што гэтая падзея стала новым этапам у мадэрнізацыі нашай краіны», — сказаў Такаеў журналістам на ўчастку ў Палацы Незалежнасьці.

Што яшчэ прадугледжвае новая Канстытуцыя

Новая Канстытуцыя прадугледжвае ня толькі перафарматаваньне парлямэнту. У краіне зьявіцца віцэ-прэзыдэнт. Гэта ня выбарная пасада. Кандыдатуру віцэ-прэзыдэнта прапануе прэзідэнт, узгадніць яе павінен Курултай. Калі дэпутаты двойчы не зацьвердзяць прапанаванага прэзыдэнтам чалавека, кіраўнік дзяржавы мае права распусьціць парлямэнт. Віцэ-прэзыдэнт у выпадку сьмерці ці адстаўкі прэзыдэнта прымае на сябе яго паўнамоцтвы.

Цяперашні тэрмін Касым-Жамарта Такаева заканчваецца ў 2029 годзе. Такаеў займае пасаду кіраўніка дзяржавы з 2019 году. Ён уступіў на пасаду пасьля адстаўкі першага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.

Замежныя СМІ называюць парлямэнцкія выбары ў Казахстане падзеяй, якая «цэмэнтуе» ўладу Такаева і яшчэ больш аслабляе пазыцыі яго папярэдніка. Казахстанскія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заявілі, што кампанія прайшла пры ціску на крытыкаў улады, незалежныя мэдыя і журналістаў. Прэсінг, на думку праваабаронцаў, уключае палітычна матываваныя абвінавачаньні, абмежаваньні доступу да інфармацыі, іншыя формы перасьледу і запалохваньня. У МУС і Генэральнай пракуратуры Казахстану сьцьвярджаюць, што выбары адбыліся ў спакойнай абстаноўцы, сурʼёзных парушэньняў не зафіксавана.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG