Рэдкі мох падчас мэтанакіраваных палявых дасьледаваньняў знайшоў супрацоўнік Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі НАН Беларусі Аляксей Астрэ́лін.
Для сучаснай Беларусі гэта фактычна першае пацьверджанае знаходжаньне віду ў гісторыі. У навуковых архівах захаваліся толькі два згадваньні пра Antitrichia curtipendula — ад 1888 і 1919 гадоў.
У 1888 годзе дасьледчык Блонскі выявіў мох на сьсечаным дубе каля ручая ў Гайнаўскім павеце. Цяпер гэтая тэрыторыя цалкам знаходзіцца на польскім баку Белавескай пушчы. Апошняя згадка пра від на тэрыторыі Беларусі датуецца 1919 годам і належыць Фляйшэру.
Праз больш чым сто гадоў мох зноў знайшлі ў Белавескай пушчы — на тэрыторыі былога зубрапітомніка, у тэрмафільнай дубраве. Ён пасяліўся на старым паваленым ствале дуба, які, паводле дасьледчыкаў, праляжаў у лесе ня менш за 20 гадоў.
Менавіта мёртвая драўніна, як адзначаюць навукоўцы, магла стаць умовай для выжываньня рэдкага віду. Глыбокая стадыя раскладаньня ствала стварыла спэцыфічныя фізыка-хімічныя ўмовы і стабільны мікраклімат, неабходныя для Antitrichia curtipendula.
Форум