Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія адмяніла рашэньне аб дэпартацыі беларуса Якава Кудзялевіча, які спрабаваў учыніць самагубства

Якаў Кудзялевіч
Якаў Кудзялевіч

Чэскі суд адмяніў рашэньне аб адмове беларусу Якаву Кудзялевічу ў міжнароднай абароне. Пра гэта паведаміў бацька Якава Дзьмітры Кудзялевіч.

«Учора, 21.08.26, чэскі суд агаласіў рашэньне па апэляцыі на адмову ў міжнароднай абароне майму сыну Якаву. Рашэньне на нашу карысьць!» — напісаў ён у Фэйсбуку.

Паводле Дзьмітрыя Кудзялевіча, судовае рашэньне паказвае, што судовая і выканаўчая ўлады ў Чэхіі працуюць незалежна адна ад адной.

Якаў Кудзялевіч — 23-гадовы беларус, які ў 17-гадовым узросьце зьехаў зь Беларусі пасьля пратэстаў 2020 году. Ён вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Остраве, пазьней спрабаваў працягнуць адукацыю ў Празе. Кудзялевіч падаў заяву на міжнародную абарону, спасылаючыся, у тым ліку, на ўдзел у пратэстах у Беларусі. Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі яму адмовіла.

У красавіку Якаў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Яго знайшлі без прытомнасьці ў пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў. Ён правёў у коме 73 дні і 24 чэрвеня прыйшоў у прытомнасьць. Цяпер Якаў знаходзіцца на рэабілітацыі.

Паводле ягонага бацькі, на працягу чатырох месяцаў сям’ю падтрымлівалі беларускія і ўкраінскія арганізацыі, праваабаронцы і палітыкі. Сярод іх — Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, «Вясна», Bělaruské studentstvo ČR, BYSOL, BYMEDSOL, «Самостійна Україна» і іншыя.

«Хачу падзякаваць усім і кожнаму за дапамогу і падтрымку — чатыры месяцы ўзмоцненай, актыўнай барацьбы з вашай дапамогай! Дзякуй за кожны ліст, за кожнае хадайніцтва, за кожнае паручальніцтва!» — напісаў Дзьмітры Кудзялевіч.

Цяпер рашэньне чэскага суду дазваляе Якаву Кудзялевічу пазьбегнуць дэпартацыі ў Беларусь і працягнуць знаходжаньне ў Чэхіі на падставе міжнароднай абароны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG