Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны рыхтуе стратэгію дачыненьняў зь Беларусьсю: узмоцняць супрацу з дэмакратычнымі сіламі

Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота
Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота

Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала кандыдатуры, прапанаваныя Ўладзімірам Зяленскім на пасаду міністра замежных спраў і міністра абароны. МЗС, як раней, будзе ачольваць Андрэй Сыбіга.

У сваім выступе перад дэпутатамі Андрэй Сыбіга паведаміў, што цяпер рыхтуецца стратэгія дачыненьняў зь Беларусьсю, якую Міністэрства замежных спраў плянуе перадаць у парлямэнт.

«Дакумэнт будзе падрыхтаваны, мы яго прадставім і на камітэце (Вярхоўнай рады Ўкраіны ў пытаньнях замежнай палітыкі і міжпарлямэнцкай супрацы), і з вамі падзелімся», — працытавала Сыбігу дзяржаўнае агенцтва «Укрінформ».

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства адзначыў, што беларускі кірунак застаецца пагрозай для ўкраінскай і эўрапейскай бясьпекі. Паводле яго, Беларусь — суадказная за расейскую агрэсію, і рэжым Лукашэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасьці.

«Мы структурыравалі нашые падыходы ў рамках нашай палітыкі наконт Беларусі. Мы наладзілі належную супрацу з дэмакратычнымі сіламі, я ў міністэрстве прызначыў пасла ў асаблівых даручэньнях, адказнага за гэты кірунак, і мы інстытуцыйна будзе яго ўзмацняць», — патлумачыў Андрэй Сыбіга.

Кандыдатуру Андрэя Сыбігі на пасаду кіраўніка МЗС падтрымалі 266 з 325 прысутных на пасяджэньні парлямэнту народных дэпутатаў.

Хто ачоліў Міністэрства абароны Ўкраіны

Новым міністрам абароны Ўкраіны стаў Яўген Хмара — генэрал-маёр Службы бясьпекі Ўкраіны, які больш за 15 гадоў служыў у Цэнтры спэцыяльных апэрацый «А» СБУ («Альфа»). Яго кандыдатуру, нягледзячы на тое, што паводле ўкраінскага заканадаўства, Міністэрства абароны павінен ачольваць цывільны, падтрымалі 312 з 334 прысутных у залі народных дэпутатаў.

Перад галасаваньнем Яўген Хмара заявіў, што ўжо зьяўляецца цывільнай асобай, паколькі яго звольнілі з вайсковай службы, згодна з заканадаўствам.

«Я стаю перад вамі як цывільная асоба. Звольнены, згодна з законам Украіны пра вайсковы абавязак і вайсковую службу, артыкул 26, звальненьне з вайсковай службы», — заявіў ён.

Яўген Хмара ўдакладніў, што ягонае звальненьне адбылося ў сувязі з правядзеньнем «арганізацыйных захадаў для асобаў вышэйшага афіцэрскага складу».

Чаму адбылася ратацыя

14 ліпеня прэм’ер-міністарка Юлія Сьвірыдзенка сышла ў адстаўку. Яе рашэньне падтрымаў парлямэнт. Згодна з заканадаўствам, у выпадку адстаўкі кіраўніка Кабінэту міністраў разам зь ім у адстаўку сыходзіць увесь склад ураду.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG