Падставай для крымінальнай справы аб «фэйках» стаў рэпост «Эха Москвы» з вокладкай брытанскай газэты Daily Mirror, на якой былі жанчына ў крыві і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, а таксама надпіс: «Ейная кроў... Ягоныя рукі».
З «Тэлеграма» Шлосбэрга публікацыю выдалілі ў сьнежні 2025 году, а тэлеграм-канал «Эха Москвы» спыніў працу ў 2022 годзе пасьля ліквідацыі рэдакцыі.
Як заявіў сам Шлосбэрг, сьледзтва не даказала, што публікацыю зрабіў менавіта ён. Ягоная абарона зьвярнула ўвагу на тое, што ён перапосьціў публікацыю яшчэ да зьяўленьня ў Крымінальным кодэксе РФ артыкула пра «фэйкі» аб расейскай арміі.
«Дыскрэдытацыю» расейскай арміі сьледчыя ўгледзелі ў дэбатах з гісторыкам Юрыем Піваваравым, апублікаваных у студзені 2025 году.
Леў Шлосбэрг — вядомы дзеяч «Яблока», былы дэпутат Пскоўскай абласной думы. Ён пасьлядоўна выступае супраць вайны з Украінай. З прынцыповых меркаваньняў ён вырашыў не зьяжджаць з Расеі. Ён таксама рэзка палемізаваў з шэрагам прадстаўнікоў расейскай эміграцыі, якія выступаюць за вайсковую паразу Расеі. Шлосбэрг падкрэсьлівае, што для яго прыярытэт — спыненьне агню.
З 11 чэрвеня 2025 году Шлосбэрг быў пад хатнім арыштам паводле справы аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі. 5 сьнежня 2025 яго перавялі ў СІЗА паводле новай крымінальнай справы аб так званых «фэйках пра армію».
Лідэры партыі Мікалай Рыбакоў і Рыгор Яўлінскі заявілі, што «„Яблоко“ будзе дамагацца справядлівасьці і нармальнага судовага працэсу — спыненьня перасьледу Льва Шлосбэрга ўсімі законнымі спосабамі», назваўшы прысуд «трагедыяй распаду сучаснага расейскага правасудзьдзя».
«Яблоко» была адзінай дапушчанай да выбараў у Дзярждуму партыяй, якая выступае супраць вайны з Украінай. Вярхоўны суд Расеі 10 жніўня фактычна зьняў яе з выбараў, а 17 жніўня адхіліў усе апэляцыі «Яблока» і рашэньне ўступіла ў законную сілу.
Форум